Як на ўчастку лічаць галасы (Фота, відэа)

Сярод новабудоўляў спальнага раёна “Дружба-Брылевічы” схаваўся выбарчы ўчастак №310 — паміж Медуніверсітэтам і МКАД. Гэта там, дзе не на жарт змагаўся за дэпутацкі мандат гумарыст Яўген Крыжаноўскі


Калі старшыня камісіі і здзівіўся з’яўленню на яго ўчастку журналіста незалежнага СМІ, прычым за 15 хвілін да заканчэння галасавання, то выгляду не падаў. Запісаўшы мяне ў спецыяльны сшытак (першым і адзіным!), дазволіў і на падліку галасоў прысутнічаць, і здымаць гэты працэс.


Пад шыльдай “Назіральнікі” сядзела ўсяго адна жанчына, прадстаўніца “Белай Русі”.


У якой не было ніякіх заўваг.


Назіральнік: “Я прысутнічала цягам усёй кампаніі — ніякіх праблем не было, грамадзяне выказвалі свой выбар голасу ў адпаведнасці са сваім жаданнем, і ніякіх заўваг таксама не выказвалі. Усё прайшло добра!”


Роўна а 20-й гадзіне сакратар камісіі гучна заявіла аб закрыцці ўчастка. І маладога мужчыну з маці пакінулі без магчымасці зрабіць свой выбар — зачынілі дзверы перад самым носам. І пачалі працэдуру падліку. Сакратар, нібыта спецыяльна для журналіста Еўрарадыё, гучна аб’яўляла, што яны зараз будуць рабіць. Каментавала, як знішчаюць нескарыстаныя бюлетэні, як і для чаго ў чарговы раз пералічваюць агульную колькасць выбаршчыкаў на ўчастку, колькасць подпісаў тых, хто прагаласаваў, і гэтак далей.


А пасля пачаўся падлік. Журналісту не толькі не перашкаджалі здымаць відэа з-пад рукі сябраў камісіі, але нават адмыслова ў аб’ектыў дэманстравалі, да прыкладу, сапсаваныя бюлетэні. Спакойна і нават крыху абыякава сачыла з-за спінаў сябраў камісіі за падлікам назіральніца.


Такую “празрыстасць” старшыня камісіі патлумачыў проста.


Старшыня камісіі: “Гэта трэція выбары, калі я ў камісіі, і назіральнікі, і прэса, калі прыходзяць назіраць, як ідзе падлік галасоў. Тут няма нічога асаблівага — звычайная праца. Вы самі бачылі, што тут усё насамрэч чыста і адкрыта, няма сэнсу нічога фальсіфікаваць. Кожны выказвае сваё меркаванне, а наша праца — забяспечыць умовы, падлічыць, вывесіць вынікі, агучыць”.


Працэс падліку заняў каля 20 хвілін.


Вынік галасавання на гэтым участку: з 2130 выбаршчыкаў прагаласавала 1175, датэрмінова — 435, па месцы жыхарства — 13. Вынік галасавання: за Яўгена Крыжаноўскага — 107, Кацярыну Саўчук — 205, Святлану Шылаву — 752, супраць усіх — 105, сапсаваных бюлетэняў — 6.


Дарэчы, міліцыянт на ўчастку з’явіўся толькі пасля таго, як сябры камісіі распісаліся ў пратаколе, запакавалі і апячаталі бюлетэні, копію пратакола павесілі на дзвярах, а журналіст усё зняў.

Фота і відэа: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі