У суботу ў Варшаве будзе дыскусія пра беларускую гістарычную кнігу (фота)
У Каралеўскім замку ў польскай сталіцы адкрыўся XXI Кірмаш гістарычнай кнігі. Упершыню на ім з’явіўся Салон беларускай кнігі.
На кірмашы прадстаўленыя недзяржаўныя беларускія выдавецтвы. Беларускія кнігі і часопісы прадаюць людзі, якія мелі непасрэднае дачыненне да іх выдання. Каля прылаўкаў, напрыклад, можна было ўбачыць прафесара Алега Латышонка, каардынатараў выдавецкай серыі "Гарадзенская Бібліятэка" Паўла Мажэйку і Эдварда Дмухоўскага.
У рамках кірмашу 1 снежня а 13-й гадзіне ў Канцэртнай зале Каралеўскага замку адбудзецца дыскусія пра беларускую гістарычную кнігу. На ёй выступяць Алег Латышонак (“Беларусы ў пошуках уласнай гісторыі”), Наталля Русецкая (“Сучасная беларуская літаратура ў адносінах да гісторыі”), Зміцер Колас (“Разважанні выдаўцоў аб беларускім рынку гістарычнай кнігі”) ды Пётр Дабралэнцкі (“Польскі рынак кнігі”). Уваход на мерапрыемства будзе адбывацца на падставе запрашэнняў, якія можна атрымаць у інфармацыйным пункце Кірмаша гістарычнай кнігі.
Наведаць кірмаш можна да 2 снежня ўключна. Уваход з 10-й па 18-ю гадзіну.