Віленскіх кантралёраў вінавацяць у збіцці дзяцей-безбілетнікаў (відэа)
За два апошнія тыдні ў суседняй сталіцы адбыліся ажно дзве рэзанансныя гісторыі канфліктаў з кантралёрамі (УВАГА: нецэнзурная лаянка на відэа).
Канфлікт з жанчынай-кантралёрам у Наваполацку набыў вялікую вядомасць у нашай краіне. Паказальна, што адносіны паміж пасажырамі і кантралёрамі напятыя не толькі ў Беларусі. Запісаны на тэлефон відэаролік, на якім здаровыя віленскія кантралёры б'юць непаўналетніх хлопцаў, скалынуў літоўскую грамадскасць.
На ім бачна (відэа ў канцы артыкула), як два вялізныя мужчыны-кантралёры б'юць двух непаўналетніх хлопцаў у сваім мікрааўтобусе. Хлопцы трымаюцца рукамі за свае галовы, іх спрабуе абараніць жанчына, якая таксама за безбілетны праезд апынулася ў аўтамабілі кантралёраў. Відэа праз шкло мікрааўтобуса заснялі мінакі, пры гэтым гнеўна лаючыся на кантралёраў па-літоўску і па-руску.
Абодва хлапцы 14-гадовага і 16-гадовага ўзросту звярнуліся ў шпіталь. Паведамляецца, што ў аднаго зафіксавалі траўму галавы, другому яшчэ пырснулі слезацечным газам у вочы. Распачатае расследаванне, кантралёрам можа пагражаць да трох гадоў зняволення.
Тым часам кіраўніцтва арганізацыі грамадскага транспарту выбрала агрэсіўную форму абароны. Сцвярджаюць, што сам 14-гадовы зрабіў шкоду кантралёру.
Дырэктар прадпрыемства Гінтас Блювас: "Чалавек, які атрымаў траўмы, працуе толькі два месяцы, ён былы супрацоўнік паліцыі. Цяпер ён адным вокам амаль нічога не бачыць, разбіты нос, мабыць зламаны. Губа разбітая, ён яе не адчувае".
Літаральна ў мінулы чацвер у Вільні адбылася яшчэ адна падобная гісторыя. На гэты раз кантралёры ўжылі да 16-гадовага Паўла Адэльшына забароненыя сродкі — электрашокер. Школьніка вывелі з аўтобуса і ён паспрабаваў уцячы. Што адбылося далей, расказвае Еўрарадыё яго маці Наталля:
"Ён не пхаўся, проста паспрабаваў зрабіць крок назад. Тут падскочыў другі кантралёр, яму скруцілі рукі, парвалі паліто і ўдарылі электрашокерам у нагу".
У суворае пакаранне кантралёраў Наталля не верыць, але тлумачыць, чаму не пакінулі гісторыю па-за ўвагай і звярнуліся ў паліцыю.
Наталля: "Мы гэта зрабілі, каб хоць нейкі быў рэзананс. Калі сёння электрашокер, то заўтра што — будуць па нагах страляць?!"
Самі штрафы за безбілетны праезд у Вільні на парадак вышэйшыя за мінскія. Так, штраф непаўналетнім ад 7 да 16 гадоў роўны 20-40 літам, ці больш за 100 тысяч беларускіх рублёў. А штраф дарослым безбілетнікам можа быць утрая большы. З іншага боку, літоўскія школьнікі і студэнты і шэраг іншых катэгорый насельніцтва маюць ільготны праезд. Кошт праязнога білета на месяц для наземных відаў транспарту для іх параўнальна невялікі: 20 літаў, ці каля 65 тысяч беларускіх рублёў.
Галоўнае фота — здымак чытача партала DELFI Жылвінаса