Ворсін: Хейкіля заробак атрымаў, выплаты няўстойкі не патрабаваў
Старшыня Федэрацыі хакею Беларусі Яўген Ворсін пракаментаваў умовы, на якіх адбылося развітанне з былым галоўным трэнерам зборнай.
У пятніцу стала вядома, што хакейную зборную Беларусі ачоліў 41-гадовы Андрэй Скабелка, вядомы ў мінулым беларускі хакеіст, а цяпер — галоўны трэнер ХК "Гомель". Былы галоўны трэнер, 52-гадовы фінскі спецыяліст Кары Хейкіля працаваў cа зборнай Беларусі са жніўня 2011-га. Пасля яго адстаўкі з пасады галоўнага трэнера мінскага "Дынама" ў кастрычніку 2012-га паўстала і пытанне, ці застанецца ён у зборнай? Бо ім і федэрацыяй быў падпісаны кантракт, паводле якога ў першыя 16 месяцаў ніводны з бакоў не мог яго разарваць.
Як паведамляе БЕЛТА, Федэрацыя хакею і Кары Хейкіля здолелі паразумецца.
"Мы мірна разышліся, без фінансавых і іншых прэтэнзій адзін да аднаго, — кажа Яўген Ворсін. — Са свайго боку мы выплацілі Кары ўвесь заробак за той час, што ён працаваў галоўным трэнерам зборнай Беларусі. Ён з разуменнем паставіўся да сітуацыі і не патрабаваў выплаты няўстойкі".
На здымку: Кары Хейкіля і Яўген Ворсін