Ярмошына: не абралі толькі аднаго дэпутата
У Навабеліцкай выбарчай акрузе ў Гомелі.
Паводле старшыні ЦВК, выбары там адбыліся, але яны былі безальтэрнатыўныя і за адзінага кандыдата не прагаласавала абсалютная большасць выбаршчыкаў. Выбары дэпутата ў Палату прадстаўнікоў па Навабеліцкай акрузе, хутчэй за ўсё, сумясцяць з выбарамі ў мясцовыя саветы, адзначыла Лідзія Ярмошына.
Нагадаем, пасля зняцця з выбараў у той акрузе "кандыдата ўлады" і апазіцыянера, да выбараў дайшоў толькі прадстаўнік Ліберальна-дэмакратычнай партыі.
Безальтэрнатыўны кандыдат: Зняцце "кандыдата ўлады" для мяне навіна!
Поўны спіс са 109 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў 5-га склікання стане вядомы да 10-ай гадзіны 24 верасня. Канкрэтныя вынікі па кожным абраным дэпутаце (колькасць выбаршчыкаў, якія за яго прагаласавалі), стане вядомай 26 верасня.
Паводле афіцыйных звестак, агучаных уначы на прэс-канферэнцыі ў Мінску, у выбарах у Палату прадстаўнікоў узялі ўдзел 74,3% выбаршчыкаў.
Найбольшая яўка ў Віцебскай вобласці — 81,1% выбаршчыкаў, у Магілёўскай — 79,9%, у Гродзенскай — 79,2%, у Гомельскай — 76,6%, у Мінскай — 76,1%, у Брэсцкай — 74,2%, у Мінску — 59,2%.
Паводле слоў Ярмошынай, у ЦВК былі пададзеныя 110 скаргаў. З іх 36 — канфлікты назіральнікаў з выбарчымі камісіямі.
Фота — bymedia.net