З Беларускага інстытута правазнаўства звольнілі двух грамадскіх актывістаў
Без працы засталіся Наталля Васілевіч і Андрэй Завадскі.
Двум выкладчыкам Беларускага інстытуту правазнаўства — Андрэю Завадскаму і Наталлі Васілевіч — не працягнулі кантрактаў. Але з пачатку верасня яны прыступілі да працы, бо значыліся ў раскладзе заняткаў. 26 верасня з’явіўся яшчэ адзін загад за подпісам рэктара інстытута Сяргея Самаля — адхіліць Завадскага і Васілевіч ад заняткаў, паведамляе “Радыё Свабода”.
Самі выкладчыкі звязваюць гэта са сваёй актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Андрэй Завадскі — актывіст асветніцкага грамадзянскага аб'яднаньня "Фонд Льва Сапегі", Наталля Васілевіч — рэдактар сайту "Царква", дырэктар цэнтра "Экумена".
У жывым эфіры Еўрарадыё Наталля Васілевич адзначыла, што сыход з навучальнай установы двух выкладчыкаў ударыць па студэнтах, бо адаб'ецца на навучальных планах ВНУ. "Мы працавалі на парцягу гэтага месяца і ўсё было добра. Зараз у планы павінны быць унесеныя змены", зазначыла яна.