Затрыманы ў Крупках: спецназаўцы нас білі і пагражалі згвалтаваць
Суды над затрыманымі ў Крупках працягнуцца ў аўторак.
Сёння была асуджана частка маладзёнаў, якіх спецназ схапіў у часе рэйду па раёне. Ім далі штрафы па 700 тысяч рублёў. Паводле звестак выдання ex-press.by, хапун адбываўся 18 і 19 лістапада ў месцах масавага скаплення моладзі — на дыскатэках, у клубах і кавярнях, а таксама быў выпадак затрымання ў краме, куды двое сяброў проста зайшлі набыць вады. Пры гэтым нагодаў для затрыманняў не было: ніякіх боек ці іншых парушэнняў парадку. Забіралі толькі мужчын, жанчын не чапалі.
Каля сарака затрыманых знаходзіліся ў ізалятары Крупскага РАУСа. У панядзелак частку з іх даставілі ў суд. Многія мелі яўныя прыкметы збіцця: крывападцёкі на твары, а адзін з хлопцаў паказаў у судзе сінякі на спіне. Спецназаўцы пры гэтым патлумачылі, што затрыманыя аказвалі супраціў.
Адзін з затрыманых аказаўся выпускніком Акадэміі МУС, які не змог працаваць па спецыяльнасці. З яго словаў, хлопцаў у аўтазаку клалі тварамі на падлогу, білі, пужалі, пагражалі нават згвалтаваннем.