Жонка Каваленкі звярнулася ў Міжнародны Чырвоны Крыж
Яна просіць дапамогі для свайго мужа-палітвязня.
2 сакавіка Алена Каваленка пазваніла ў офіс Міжнароднага Чырвонага Крыжа ў Жэнэве, інфармуе Радыё "Свабода". Нагадаем, што Сяргей Каваленка галадае з 19 снежня 2011 года, у тым ліку апошнія 23 дні няспынна.
Пакуль што Алена Каваленка няе ведае, якая дапамога ёй будзе аказаная. Просьбу жанчыны запісала супрацоўніца, якая размаўляла па-руску і папрасіла перазваніць пазней.
Сёння ж сваякі Каваленкі атрымалі дазвол на спатканне з ім. Ад канца лютага вязень знаходзіцца ў рэспубліканскім турэмным шпіталі ў Мінску. Па словах жонкі, у панядзелак да галадоўніка паедуць маці Лідзія Уладзіміраўна і яго брат Віталь, а пазней ужо і жонка.