Жыхары Магілёва патрабуюць ад уладаў знізіць кошты на 20%
Группа грамадзян з больш як 100 чалавек звярнулася з лістом да прэм’ер-міністра краіны Міхаіла Мясніковіча. Сярод падпісантаў ліста — сябры БРСМ і “Белай Русі”
Аўтары звароту абгрунтавалі сваё патрабаванне вельмі проста: кіраўнік дзяржавы і ідэолагі абрадавалі насельніцтва ўмацаваннем беларускага рубля на 20%, таму трэба ўжо зніжаць кошты. Пад гэтым дакументам падпісаліся пенсіянеры, ветэраны, рабочыя і служачыя, сябры БРСМ і “Белай Русі”. Адказ на свой зварот аўтары просяць накіраваць заказным лістом на адрас ініцыятара акцыі, актывіста незалежнага прафсаюза РЭП Аляксея Паўлоўскага, перадае БелаПАН.
Як паведаміў Паўлоўскі, збор подпісаў пад зваротам праходзіў у межах кампаніі “Гавары праўду!”. Раней Паўлоўскі выступіў ініцыятарам збору подпісаў за вяртанне магілёўскім студэнтам бясплатнага праезду ў грамадскім транспарце. У планах актывіста — запатрабаваць вярнуць ільготы пенсіянерам.
У жывым эфіры Еўрарадыё Аляксей Паўлоўскі заявіў, што мае намер сабраць тысячу подпісаў за зніжэнне коштаў.