ЗША ўвялі санкцыі супраць “БелОМА” і “Белтэхэкспарта”
Беларускія кампаніі пакаралі за супрацоўніцтва з Іранам і Паўночнай Карэяй.
ЗША ўвялі санкцыі супраць “Беларускага оптыка-механічнага аб'яднання” і кампаніі “Белтэхэкспарт” за супрацоўніцтва з Іранам і Паўночнай Карэяй. Пра гэта заявіў намеснік дзяржсакратара ЗША Джэймс Стэйнберг, перадае Радыё Свабода.
Таксама пад санкцыі трапілі тры кітайскія, пяць іранскіх, адна паўночнакарэйская, дзве сірыйскія і адна венесуэльская кампанія. Іх пакаралі за продаж Ірану, Паўночнай Карэі і Сірыі тэхналогій, звязаных з вытворчасцю ядзернай, хімічнай і біялагічнай зброі і балістычных ракетных сістэм.
Стэйнберг адзначыў, што мэта санкцый – не дазволіць Ірану развіваць сваю ядзерную праграму, якая, як непакояцца ў Вашынгтоне, накіраваная на выраб ядзернай зброі. Фірмы і асобы, якія трапілі пад гэтыя санкцыі, будуць пазбаўленыя магчымасці атрымліваць амерыканскія ўрадавыя кантракты, дапамогу ад ЗША, яны не могуць купляць амерыканскае ўзбраенне і патэнты на яго на працягу двух гадоў.
"Беларускае оптыка-механічнае аб'яднанне" выпускае высокатэхналагічнае абсталяванне, якое выкарыстоўваецца, у прыватнасці, у сістэмах супрацьракетнай абароны.
"Белтэхэкспарт" – камерцыйная структура, праз якую робіцца значная частка беларускага экспарту зброі.