Рэвалюцыя для IT: як Украіна стала прыстанішчам для беларускіх айцішнікаў
Ілюстрацыя Ilya Pavlov / Andrew Keymaster
23 верасня ў Беларусі прайшла таемная інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі. Яна адбылася больш чым праз месяц пасля прэзідэнцкіх выбараў, на якіх Лукашэнка абвінавацілі ў сур'ёзных фальсіфікацыях. З тых самых часоў штодня беларусы выходзяць на акцыі пратэсту, дзе іх затрымлівае і збівае АМАП. У такіх умовах многія з'язджаюць з краіны — асабліва айцішнікі. "Забарона" расказвае, як Беларусь рызыкуе страціць статус прывабнай для IT-спецыялістаў краіны і да чаго гэта прывядзе.
30-гадовы айцішнік Максім (ён папрасіў не паказваць яго прозвішча ў мэтах бяспекі) ходзіць па вуліцах Кіева з кошкай Палінай на плячы. Нядаўна ён пераехаў з Мінска, адседзеўшы там у ізалятары трое сутак. 11 жніўня Максім ехаў на ровары па пустой вуліцы, але дадому так і не трапіў — АМАП забраў яго ў аўтазак і адвёз у "славуты" ізалятар на Акрэсціна. Як і многіх затрыманых, Максіма збілі сілавікі.
Максім працягнуў выходзіць на акцыі пратэсту. Але праз некаторы час зразумеў, што знаходзіцца ў краіне небяспечна. Кажа, што хацеў свабодна выказваць свае думкі і расказваць пра тое, што з ім адбылося, не перажываючы, што сілавікі могуць забраць яго проста з кватэры. Да таго ж, дадае хлопец, ён не хацеў спансаваць падаткамі "крывавы рэжым".
Кампанія, у якой працуе Максім, таксама вырашыла зладзіць падатковую забастоўку і калектыўна пераехала ва Украіну. Гэта не адзінкавы выпадак IT-эміграцыі з Беларусі. Кіраўнік кампаніі Iomico Мікалай Мурзянкоў са сваёй сям'ёй цяпер жыве ў Львове. Расказвае, што спачатку 9 жніўня адключылі інтэрнэт, а потым стала вядома, што адзін з яго супрацоўнікаў трапіў у СІЗА пасля пратэстаў. Праз два тыдні Мікалай з'ехаў ва Украіну. Кажа, што прапанаваў пераехаць усім супрацоўнікам кампаніі: "У адказ пачуў маўчанне. Мая каманда захацела стаць часткай пратэставага руху і вырашыла застацца".
"Атмасфера страху і нянавісці"
Нягледзячы на падатковыя і прававыя льготы ад дзяржавы, IT-кампаніі ў асноўным падтрымалі пратэст супраць Лукашэнкі, а іх супрацоўнікі актыўна бралі ўдзел у дэманстрацыях. Адразу пасля выбараў звычайна апалітычныя кіраўнікі беларускіх IT-кампаній напісалі адкрыты ліст, у якім асудзілі гвалт і заявілі, што "стартапы не нараджаюцца ў атмасферы страху і нянавісці". Некаторых супрацоўнікаў кампаній затрымлівалі і збівалі ў СІЗА.
Максім, які пераехаў ва Украіну, кажа, што за час пратэстаў і грубых разгонаў яго працаздольнасць моцна ўпала. Думкі былі занятыя "легітымным бандытызмам", які адбываецца, і прапрацоўкай шляхоў, як бяспечна дабрацца да офіса і кватэры.
"Калі людзей пастаянна арыштоўваюць, гэта не спадарожнічае ні развіццю бізнесу, ні крэатыўнасці. З пункту гледжання прадуктавай кампаніі гэта вельмі вялікая рызыка", — тлумачыць заснавальнік групы кампаній SoftSwiss Іван Монцік. 9 жніўня, пасля галасавання за кандыдатаў у прэзідэнты, SoftSwiss вывез першых 56 чалавек ва Украіну. Праз тыдзень яны адправілі яшчэ 60 чалавек, бо першая група не спраўлялася з нагрузкай, а ў Беларусі працягваліся перабоі з сувяззю.
Іван Монцік і многія іншыя ўладальнікі кампаній-рэзідэнтаў ПВТ арганізавалі групу для прапрацоўкі "плана Б" — поўнай рэлакацыі офісаў у іншыя краіны. Цяпер у групе 40 кампаній, агульная колькасць супрацоўнікаў якіх больш за 3000. SoftSwiss правяла апытанне сярод супрацоўнікаў, якое паказала, што ёсць шмат людзей, якія хочуць рэлакавацца, не чакаючы перамен. Іх логіка простая: заўсёды можна вярнуцца, а калі штосьці здарыцца, то з'ехаць будзе складаней.
"Мы вядзём перамовы з прадстаўнікамі ўладаў Літвы і Латвіі. Таксама разглядаем Балгарыю і Грузію. Камусьці цікавая Украіна. Мы рыхтуемся, але спадзяёмся, што не прыйдзецца звяртацца да гэтага плана", — расказвае Монцік.
Барацьба за айцішнікаў
12 жніўня, усяго праз тры дні пасля выбараў у Беларусі, на фэйсбук-старонцы Уладзіслава Саўчанкі, прэзідэнта Еўрапейскай асацыяцыі праграмнай інжынерыі (EASE), з'явіўся допіс пра тое, што яны гатовыя бясплатна дапамагчы беларускім IT-кампаніям з рэлакейтам ва Украіну.
"У нас была група з 20 чалавек. Мы дапамаглі ім аформіць запрашэнне ва Украіну. Цяпер у нас ёсць 40 заявак ад кампаній на 300–350 чалавек, ёсць і ад буйных кампаній на 1500 чалавек, а ёсць і ад фрылансераў. Камусьці мы дапамагаем з дакументамі, камусьці — даём офісы. Яшчэ ў нас ёсць рыэлтары, гатовыя бясплатна шукаць для іх жыллё і працоўныя памяшканні", — расказвае пра прапанаваную падтрымку PR-дырэктар Еўрапейскай асацыяцыі праграмнай інжынерыі Любоў Мачалава.
Цяпер EASE вядзе перамовы з Міністэрствам лічбавай трансфармацыі Украіны, каб пашырыць спіс прафесій, прадстаўнікам якіх можна перасякаць закрытую ўкраінскую мяжу. "Нам выгадна, каб беларусы ехалі ва Украіну, таму што гэта каласальны абмен досведам. Плюс гэта добра адаб'ецца на нашым IT-рынку: з'явіцца канкурэнцыя, кампаніі змогуць выбіраць сабе спецыялістаў, палепшыцца якасць IT-прадуктаў і павялічацца зарплаты, якія падчас каранціну трохі аселі", — тлумачыць Мачалава.
Аднак у беларускіх айцішніках зацікаўленая не толькі Украіна. Літва адна з першых прапанавала распрацаваць для іх ільготныя ўмовы. 2 верасня міністр эканомікі і інавацый Літвы Рымантас Сінкявічус заявіў, што атрымаў запыты ад 21 IT-кампаніі з Беларусі пра магчымасць пераехаць у Літву. Сінкявічус заклікаў прыняць папраўкі да законаў, якія спрашчаюць пераезд у такіх выпадках. Цяпер у замежных кампаній ёсць цяжкасці, паколькі для пачатку трэба адкрыць рахунак у краіне. А гэта складана зрабіць праз тое, што мясцовыя банкі кіруюцца заканадаўствам, накіраваным супраць адмывання грошай. Міністр унутраных спраў краіны Рыта Тамашунене заявіла, што цяпер актыўна ідзе пошук рашэнняў у гэтым кірунку, пра што вядуцца перамовы з Банкам Літвы.
Пра сваю цікавасць да беларускіх айцішнікаў заявілі і ў Латвіі, і ў Польшчы. У Польшчы, напрыклад, спрашчаюць атрыманне візы. У Міністэрстве эканомікі Латвіі паведамілі, што да іх пераехалі ўжо 12 беларускіх кампаній. Ім дапамагаюць з рэгістрацыяй і відам на жыхарства. Украінская ўлада пакуль не распрацоўвала такіх ініцыятыў. Усё, што зрабіў урад, — заявіў, што гатовы пускаць беларусаў у краіну, нягледзячы на часова закрытыя для замежнікаў мяжы.
Дырэктар дэпартамента IT у кампаніі EPAM Павел Лібер згодны, што ва Украіны, як і іншых краін, якія гатовыя прымаць у сябе беларускіх IT-спецыялістаў, ёсць свой інтарэс. "Але пры гэтым украінскія айцішнікі плацяць 6% падатку, а беларусы без украінскага грамадзянства — 35%. Усведамленне, што ты плаціш больш за твайго суседа справа, псіхалагічна некамфортнае. Таму многія перавезлі супрацоўнікаў сюды часова".
Беларускія спецыялісты кажуць, што ва Украіне іх прываблівае падобны менталітэт і вялікае прыязнае IT-кам'юніці. Але заснавальнік SoftSwiss Іван Монцік сумняваецца, што гэта найлепшы варыянт для яго бізнесу. "З майго пункту гледжання, Украіна таксама знаходзіцца ў палітычнай нестабільнасці. Нам не хацелася б апынуцца ў падобнай да Беларусі сітуацыі праз год-два. Плюс калі сур'ёзна думаць пра рэлакацыю, то трэба максімальна паляпшаць умовы для людзей. Таму мы разглядаем ЕС, каб у супрацоўнікаў была магчымасць перамяшчацца па Еўропе без віз і атрымліваць асалоду ад дэмакратычных свабод".
Удар па Беларусі
2 верасня ў кампаніі Pandadoc, чый кіраўнік Мікіта Мікада падтрымаў пратэсты, прайшлі ператрусы. Чацвярых супрацоўнікаў кампаніі затрымалі, іх абвінавачваюць у "крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі" — гэта ад 5 да 12 гадоў турмы. Пасля гэтага ў Pandadoc заявілі, што вывозяць сваіх супрацоўнікаў з краіны, а Мікіта прыняў рашэнне закрыць праект дапамогі сілавікам, што звольніліся, праз які пачаліся рэпрэсіі.
Кампанію "падхапіў" CEO стартапа DeepDee і адзін з сузаснавальнікаў Фонду салідарнасці Яраслаў Ліхачэўскі. "Мы з Мікітам калегі, абодва айцішнікі. Так што я падумаў, што буду наступным, хто працягне яго справу, і ўсяго толькі ўзяў на сябе лідарства ў гэтым праекце", — сказаў ён у інтэрв'ю парталу TUT.BY.
Іван Монцік з SoftSwiss кажа, што пасля рэйду ў Pandadoc шматлікія кампаніі вырашылі не чакаць далейшых сігналаў — пачалі пакаваць чамаданы і актыўна рыхтавацца да пераезду. Па яго грубых падліках, пры самым дрэнным выніку з Мінска можа з'ехаць каля 60 тысяч чалавек: спецыялісты і іх сем'і. Гэта будзе моцны ўдар па эканоміцы беларускай сталіцы, бо менавіта айцішнікі складаюць зародкі сярэдняга класа. Гэта на іх грошы жывуць рэстараны, бары, барбершопы і рынак нерухомасці.
Да таго ж кожны чалавек, які з'язджае з Беларусі, — гэта мінус падаткаплацельшчык і плацельшчык ПДВ. Акрамя таго, скароціцца частка валютнага патоку, якім забяспечваюць IT-кампаніі дзяржказну. Значыць, беларускі рубель можа дэвальваваць.
Нягледзячы на тое, што ў IT-індустрыі працаўладкавана не вельмі шмат людзей (прыкладна 100 тысяч чалавек — гэта каля 2% ад усіх працоўных), а экспарт IT-прадуктаў і паслуг складае некалькі працэнтаў ВУП Беларусі, гэта самы хуткарослы сектар беларускай эканомікі. У 2019 годзе ВУП краіны вырас на 1,1%, палову гэтага росту забяспечылі IT-кампаніі. Доля IT у ВУП краіны была 6,5% і зраўнялася па сваім уплыве з такімі галінамі, як сельская гаспадарка, транспарт і вытворчасць будаўнічых матэрыялаў. На 2022–2023 гады планавалася, што індустрыя падрасце да 10%.
Старшы навуковы супрацоўнік даследчага цэнтра BEROC Леў Львоўскі пацвярджае патэнцыйны эканамічны спад, але робіць акцэнт на іншых наступствах. "Ад'езд часткі айцішнікаў будзе азначаць, што хуткасць развіцця і ідэя пра Беларусь як пра IT-краіну будзе адкінутая. Таксама будзе падарваны інвестклімат".
Падобнае меркаванне выказвае і Павел Лібер: "Масавы адток IT-спецыялістаў прывядзе да дэградацыі краіны. Калі паглядзець на IT-рашэнні, укаранёныя на дзяржаўным узроўні, то амаль усе яны зроблены прыватнымі IT-кампаніямі. Напрыклад, электронны ўрад робіць IBA, кучу рашэнняў для медыцыны рабіў EPAM, прычым цалкам бясплатна. І калі мы гаворым, што ўсё гэта рэзка з'едзе, то краіна адкоціцца назад, у той час як увесь свет пачаў больш актыўна рухацца наперад".
Кіраўнік кампаніі Iomico Мікалай Мурзянкоў мяркуе, што дыктатура ў Беларусі паступова прывядзе да ізаляцыі ад рынку Захаду, да страты рэпутацыі, а як вынік, істотна скароціцца ўся галіна. Але нават пры ўмове змены ўлады, кажа ён, усталявання дэмакратычных каштоўнасцяў, інстытутаў, адмовы ад зліцця з РФ IT у Беларусі чакае "цяжкая і карпатлівая рэабілітацыя". Таму вяртацца ў Беларусь ён не плануе.
Айцішнік Максім таксама пакуль не бачыць магчымасці вярнуцца. "Я ўсё яшчэ перажываю за краіну. І наўрад ці гэта зменіцца. Пакуль у Мінску хапаюць людзей на вуліцах, мая працаздольнасць не адновіцца да мінулага ўзроўню".
Аўтары: Лізавета Мароз, Юліяна Скібіцкая, Ганна Белавольчанка
Пры падтрымцы "Медиасети"
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.