“Рэзідэнцыя” Чыжа не накрытая дахам: як выглядае маёмасць бізнэсмэна (фота)

“Рэзідэнцыя” Чыжа не накрытая дахам: як выглядае маёмасць бізнэсмэна (фота)

КДБ пакуль не паведамляе інфармацыі датычна маёмасці, арыштаванай у бізнесмэна Юрыя Чыжа і яго блізкіх.

“Цяпер вядзецца папярэдняе следства, і пакуль гэтая інфармацыя закрытая”, — тлумачаць у прэс-службе Камітэта дзяржбяспекі.

Аднак газета “Наша ніва” падзялілася інсайдэрскай інфармацыяй, што арышт быў накладзены не толькі на дом Чыжа ў Драздах, але і на маёмасць бізнесмена ды яго блізкіх пад Лагойскам і ў пасёлку Зацань пад Мінскам.

Выпраўляемся на ўласныя вочы ўбачыць нерухомасць Чыжа, якога нярэдка называюць алігархам і самым паспяховым бізнесменам краіны.

Катэджны пасёлак “Лагожаск” знаходзіцца пад Лагойскам, амаль на тэрыторыі гарналыжнага комплексу, які належыць “Трайплу” (група кампаній, якой кіруе Чыж). Ён абнесены плотам і забудаваны драўлянымі дамамі.

Мясцовая служба аховы не дазваляе журналістам праехаць за шлагбаум. Дырэктар гарналыжнага комплексу “Лагойск” Генадзь Барушка кажа, што “Лагожаск” — прыватная тэрыторыя, і, каб трапіць туды, Еўрарадыё трэба выйсці на блізкіх Юрыя Чыжа. Адзінае, што паведамілі сек’юрыці, сілавікі завіталі ў Лагожаск адразу ж у дзень затрымання Чыжа — у пятніцу 11 сакавіка.

Не лезем на ражон і знаёмімся з мясцовым жыхаром, просім яго паказаць “рэзідэнцыю” Чыжа. Чалавек паказвае на даволі сціплую няскончаную драўляную забудову недалёка ад царквы:

“Вось гэты свежы белы зруб, яшчэ не накрыты”.

“Гэта і ёсць “рэзідэнцыя” Чыжа?” — здзіўляемся.

“Так, і апроч гэтага зруба тут больш нічога няма. Вось і ўся “рэзідэнцыя”, — усміхаецца крыніца. 

Наступная кропка — пасёлак Зацань. Ён падзелены мінскай кальцавой на дзве часткі. Адна з іх адміністрацыйна ўваходзіць у Мінск. Акурат тут пабудаваны катэдж, палова якога, як паведамлялася ў СМІ, належыць Сяргею Чыжу — сыну затрыманага бізнесмена. Маладому чалавеку 27 гадоў, ён з’яўляецца адным з кіраўнікоў сеткі гіпермаркетаў ProStore.

Суседзі кажуць Еўрарадыё, што Сяргей Чыж сапраўды займае адну палову салатавага дома. На першы погляд, будынак выглядае даволі шараговым для Зацані. Калі падыходзіш бліжэй, дом аказваецца шыкоўнай сядзібай з мноствам гаспадарчых пабудоваў і гаражамі. У той частцы, якая, паводле інфармацыі са СМІ, належыць Сяргею Чыжу, дзвярны званок не працуе. Суседзі Сяргея Чыжа па доме трубку дамафона здымаюць, але расказваць падрабязнасці адмаўляюцца катэгарычна.

Апошняе месца, якое наведваем — дом Юрыя Чыжа ў Драздах.

Сядзіба знаходзіцца ўсяго ў 10 хвілінах няспешнай хады ад гандлёвага цэнтра “Арэна-Сіці”, які таксама належыць бізнесмену. Вакол дома — цішыня і чысціня. Нішто не нагадвае пра непрыемнасці. На браме па-англійску напісана "Welcom Friends" (“Запрашаем, сябры”, — Еўрарадыё). Няма ніякіх пазнак аб арышце маёмасці, але званок адключаны.

***

Навіна пра арышт Юрыя Чыжа з’явілася вечарам у пятніцу 11 сакавіка. Праз два дні КДБ пацвердзіла гэтую інфармацыю: Чыж падазраецца ў нявыпаце падаткаў у асабліва буйным памеры.

Ужо ў аўторак, 15 сакавіка старшыня КДБ Валерый Вакульчык расказвае драматычныя падрабязнасці затрымання і злачыннай дзейнасці ўплывовага бізнесмена. Па словах Вакульчыка, Чыж нанёс дзяржаве шматмільярдную шкоду. А ўжо праз дзень становіцца вядома, што спецслужбы арыштавалі нерухомасць, якая належыць бізнесмену і яго дзецям.

Выглядае, што ўся названая маёмасць можа быць канфіскаваная. Магчымасць такога спосабу пакарання за нявыплату падаткаў прадугледжвае Крымінальны кодэкс Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі