Затрыманых у Беларусі мільярдэраў з "Уралкалія" адпусцілі на волю
Яўген Шавель і Дзмітрый Лобяк
Былыя партнёры па "Уралкаліі", а таксама блізкія сябры Дзмітрыя Мазепіна Яўген Шавель і Дзмітрый Лобяк на волі, піша "Наша Ніва". На мінулым тыдні стала вядома, што яны былі затрыманыя ў Беларусі. У зняволенні яны правялі блізу 10 дзён, адзначае выданне.
Шавеля і Лобяка затрымалі 5-6 кастрычніка ў офісе кампаніі "Юрас-Ойл", гэта дылер прамысловай хіміі і ўгнаенняў. Затрыманыя з'яўляюцца ўладальнікамі гэтай кампаніі. Разам з імі затрымалі і кіраўнікоў прадпрыемства. Паводле папярэдняй інфармацыі, прэтэнзіі да іх насілі падатковы характар. Невядома, ці выстаўвілі ім урэшце абвінавачванні.
Шавель і Лобяк — выхадцы з Беларусі, якія зарабілі асноўныя грошы ў Расіі. Яны былі найбліжэйшымі дзелавымі партнёрамі былога ўладальніка "Уралкалія" Дзмітрыя Мазепіна. Усе трое разам вучыліся ў 5-й роце Мінскага сувораўскага вучылішча 29-га выпуску.
Мазепін, да нядаўняга часу былы ўладальнік і генеральны дырэктар кампаніі "Уралхім", цяпер пазбягае паездак у Беларусь. У Мінску раней неаднаразова намякалі, што ён фінаснаваў беларускія пратэсты. Сам Мазепін у 2020 годзе выступіў ад імя Расійска-беларускага дзелавога савета з заклікам да ўладаў прызнаць напружанасць у грамадстве. Ён таксама прапаноўваў арганізаваць вучобу ў расійскіх ВНУ для адлічаных за пратэсты беларускіх студэнтаў. Вясной 2021 года Аляксандр Лукашэнка абвінаваціў "былых беларусаў, якія сядзяць сёння ў Расіі" ў фінансаванні замаху на яго. А затым "інтэрв'ю" АНТ даў Раман Пратасевіч. З яго слоў выходзіла, што гаворка менавіта пра Мазепіна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.