Затрыманыя топ-менеджары з кампаніі сербскіх "сяброў Лукашэнкі"
Дана Мол
Дырэктарка кампаніі "Дана Астра" Святлана Шчатко і яе намеснік Павел Аўчароў затрыманыя 16 лістапада. Цяпер яны ў следчым ізалятары. Пра гэта са спасылкай на крыніцы паведамляе reform.news.
Паводле звестак выдання, у той жа дзень былі затрыманыя і іншыя менеджары, якія працуюць на сям'ю Карычаў: Мілан Ракачэвіч, Ненад Сімановіч, Вібар Муліч. Пазней Ракачэвіча і Муліча адпусцілі.
Dana Holdins ("Дана Холдынгс/Дана Астра") рэалізуе буйныя праекты ў сферы жыллёвага будаўніцтва, у тым ліку комплекс "Мінск-Мір". Кампанію кантралююць браты Багалюб і Драгамір Карычы. Сербскія бізнесмены вядомыя сувязямі з сям'ёй Аляксандра Лукашэнкі. У 2020 годзе ў іх працавала жонка Віктара Лукашэнкі Лілія.
Пераслед можа быць звязаны з вынікамі праверкі, праведзенай Камітэтам дзяржкантролю. Праблемы ў "Дана Астра" пачаліся пасля таго, як Лукашэнка публічна адрэагаваў на скаргі пакупнікоў кватэр ад забудоўніка падчас наведвання гандлёвага цэнтра "Першы нацыянальны гандлёвы дом" 29 снежня 2023 года.
"Дарэчы, пайшлі скаргі на "Дана Астра". Вы разбярыцеся, чаму людзі скардзяцца, — сказаў ён тады старшыні Мінгарвыканкама Уладзіміру Кухараву. — Хай перарабляюць усё. Бо адкажуць так, як адказваюць усе ў Беларусі. Прыйшлі працаваць у Беларусь — хай працуюць, як трэба".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.