Рух "За Свабоду" па-ранейшаму не будзе выбіраць кандыдата ў прэзідэнты
Хаця саюзнікі арганізацыі па "Народным рэферэндуме" збіраюцца падтрымліваць кандыдатуру Таццяны Караткевіч.
Рух "За Свабоду" пакуль што не бачыць падставы, каб пераглядаць сваё рашэнне пра няўдзел у вылучэнні кандыдата ў прэзідэнты на выбары 2015 года. Пра гэта агенцтву БелаПАН заявіў першы намеснік старшыні арганізацыі Юрась Губарэвіч.
Нагадаем, 2 красавіка савет руху "За Свабоду" абвясціў, што не будзе вылучаць свайго кандыдата і падтрымліваць іншых у прэзідэнцкай кампаніі 2015 года. Прычынай называлася тое, што прыхільнікі дэмакратычных зменаў не змаглі дамовіцца пра адзінага кандыдата.
Рух "За Свабоду" ўваходзіць у кааліцыю "Народны рэферэндум". Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), кампанія "Гавары праўду!" і Партыя БНФ, якія таксама ўваходзяць у кааліцыю, у красавіку заявілі, што падтрымліваюць вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты актывісткі "Гавары праўду!" Таццяны Караткевіч.
Але, па словах Губарэвіча, прынцыповых зменаў гэта не нясе — адзінага кандыдата апазіцыя не выстаўляе. Ён дадаў, што бліжэйшым часам рух "За Свабоду" яшчэ раз абмяркуе сітуацыю і прэтэндэнтаў, якія заявяць пра свае прэзідэнцкія амбіцыі.
Губарэвіч кажа, што кампанія "Народны рэферэндум" не ставіла сваёй мэтай вылучыць кандыдата ў прэзідэнты. "Ключавая мэта кампаніі — правядзенне рэферэндуму, атрыманне падтрымкі гэтай ідэі з боку большасці грамадзян", — заявіў ён.
Фота — getacoder.com