Русы: Расія можа зняць забарону на пастаўкі беларускай прадукцыі 23 снежня
Віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы паведаміў, што расійскі бок здыме забарону адразу з шэрагу прадпрыемстваў.
Забарону на пастаўкі беларускага харчавання Расія можа зняць 23 снежня. Пра гэта журналістам 20 снежня заявіў намеснік прэм'ер-міністра Міхаіл Русы, перадае БЕЛТА.
Па яго словах, Беларусь і Расія дамовіліся пусціць на расійскі рынак адразу шэраг прадпрыемстваў, у тфм ліку Рагачоўскі малочна-кансервавы камбінат, Брэсцкі мясакамбінат, Маладзечанскае прадпрыемства "Вялес", кампанію "Інкафуд".
Нагадаем, што Рассельгаснагляд з кастрычніка забараніў пастаўкі з амаль 20 беларускіх мясамалочных прадпрыемстваў. З пачатку снежня гэтыя забароны пачалі паступова здымацца. На цяпершні час больш за 10 прадпрыемстваў зноў атрымалі доступ на расійскі рынак.
На днях адбыліся перамовы беларускага віцэ-прэм'ера Міхаіла Русага з міністрам сельскай гаспадаркі Расіі Мікалаем Фёдаравым. Расійскі чыноўнік паабяцаў узяць сітуацыю пад свой асабісты кантроль, каб ужо на наступным тыдні па магчымасці максімальна адкрыць усе прадпрыемствы. Выключэнне складуць тыя, у прадукцыі якіх, па інфармацыі расійскага боку, быў выяўлены геном віруса афрыканскай чумы свіней.
Фота — telegraf.com.ua