Сабаленка гарантавала сабе статус першай ракеткі свету па выніках 2024 года
Арына Сабаленка
Арына Сабаленка гарантавала сабе статус першай ракеткі свету па выніках 2024 года. Пра гэта стала вядома ў аўторак пасля паражэння полькі Ігі Свёнтак (2-й у рэйтынгу) на выніковым турніры WTA. У другім туры групавога раўнда яна саступіла амерыканцы Коры Гаўф (3) — 3:6, 4:6 (у першым туры ў яе была перамога).
Як вядома, Свёнтак саступала Сабаленка больш за тысячу рэйтынгавых ачкоў. І цяпер ужо не зможа на турніры дагнаць беларуску па ачках.
Напярэдадні Арына Сабаленка датэрмінова выйшла ў паўфінал выніковага турніру WTA, які праходзіць у Саудаўскай Аравіі. У яе дзве перамогі ў групавым раўндзе. У сераду яна згуляе яшчэ з Аленай Рыбакінай з Казахстана.
Упершыню Сабаленка стала першай ракеткай ў верасні 2023-га. Аднак пратрымалася на першым радку рэйтынгу толькі да пачатку лістапада таго года, і Іга Свёнтак вярнула званне першай ракеткі свету. Беларуская тэнісістка зноў стала першай у кастрычніку 2024-га.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.