Сабчак здала менш подпісаў, чым Караткевіч, а Пуцін — чым Лукашэнка
31 студзеня — апошні дзень, калі будучыя кандыдаты ў прэзідэнты Расіі маглі здаць подпісы ў Цэнтрвыбаркам. Іначай працягнуць удзел у прэзідэнцкай гонцы немагчыма.
Да апошняга дня цягнулі не ўсе. Напрыклад, прадстаўнікі выбарчага штаба Уладзіміра Пуціна яшчэ 29 студзеня занеслі ў ЦВК каля 315 тысяч подпісаў у падтрымку свайго кандыдата. Раней паведамлялася, што за Пуціна падпісалася больш як 1,6 млн расіян. 22 студзеня ў штабе дзейнага прэзідэнта РФ вырашылі, што подпісаў ужо хопіць, і спынілі збор.
Такім чынам, ва ўсёй вялізнай Расіі за Пуціна сабралі менш подпісаў, чым у свой час за Аляксандра Лукашэнку ў 9,5-мільённай Беларусі! Лукашэнка апошні раз вылучаўся кандыдатам у прэзідэнты два гады таму. Тады наш ЦВК абвясціў пра… больш чым 1,7 млн сабраных подпісаў!
Тое самае назіраецца ў апазіцыі: расійскія палітыкі выглядаюць не так пераканаўча, як іх беларускія калегі. Ксенія Сабчак 31 студзеня здала ў расійскі ЦВК 105 тысяч подпісаў у 24 скрынках.
Сузаснавальніца кампаніі “Гавары праўду” Таццяна Караткевіч, якая спаборнічала з Лукашэнкам на беларускіх выбарах 2015 года, прад’явіла Цэнтрвыбаркаму 107 тысяч подпісаў. Што праўда, ведамства Лідзіі Ярмошынай залічыла ўсяго 105 тысяч з іх.
“Я не думаю, што тут можна параўноўваць, — распавядае Еўрарадыё Таццяна Караткевіч. — Ідэя працаваць на тое, каб выбаршчыкі пайшлі і прагаласавалі супраць усіх, не можа мабілізаваць шмат людзей. Усё ж такі людзі падпісваюцца больш ахвотна, калі адчуваюць альтэрнатыву.
Адзін са старэйшых прадстаўнікоў расійскай апазіцыі, заснавальнік партыі "Яблоко” Грыгорый Яўлінскі таксама здаў подпісы ў ЦВК. У штабе кандыдата кажуць, што за Яўлінскага падпісаліся 180 тысяч расіян — гэтага больш чым дастаткова для вылучэння кандыдатам у прэзідэнты Расіі. Але гэта не нашмат больш за тое, што сабралі ў 2015 годзе беларускія палітыкі Сяргей Гайдукевіч з ЛДП (140 тысяч) і Мікалай Улаховіч з Беларускай патрыятычнай партыі (159 тысяч).
Дарэчы, у студзені 2018 года Лідзія Ярмошына прапанавала зменшыць колькасць подпісаў, неабходную для вылучэння кандыдатам на пасаду прэзідэнта, са 100 да 70 тысяч.
“Справа ў тым, што на гэты момант без вялікіх грошай ці без значнага адміністрацыйнага рэсурсу сабраць подпісы вельмі складана, — лічыць Ярмошына. — Бар'еры для вылучэння трэба прыбіраць, каб было больш зарэгістраваных кандыдатаў і больш актыўна працякала палітычнае жыццё”.