Самалётам, які парушыў паветраную прастору Беларусі, кіраваў датчанін
За штурвалам лёгкаматорнага самалёта P46T, які на мінулым тыдні ўзляцеў з аэрапорту Вільні і парушыў паветраную прастору Беларусі, быў грамадзянін Даніі. Пра гэта інфармагенцтву BNS паведамілі ў прадпрыемстве Oro navigacija і ў Адміністрацыі грамадзянскай авіяцыі Літвы.
Як піша delfi.lt, выканаўца абавязкаў гендырэктара Oro navigacija Міндаўгас Густыс сказаў, што самалёт, які ўзняўся з лётнішча, парушыў указаны ў палётным плане маршрут — даляцець да мяжы зь Беларуссю і вярнуцца.
“Самалёт P46T (пазыўны N600EU) згодна з палётным планам ляцеў з трэніровачнай мэтай па маршруце Вільня — Лаварас — Котавас — Вільня. Аб палёце быў праінфармаваны кіраўнік Мінскага сэктару палётаў „Паўночны“. Аднак пілот не вытрымаў маршрут і, пралятаючы над кропкай Лаварас, заляцеў на тэрыторыю Беларусі. Яму неадкладна было загадана развярнуцца і ляцець на тэрыторыю Літоўскай Рэспублікі, што і было зроблена”, — адзначыў Густыс.
У Беларусі парушэнне было зафіксаванае ў сярэдзіне дня 19 красавіка. Самалёт заляцеў углыб тэрыторыі на 8 кіламэтраў, але праз тры хвіліны развярнуўся і пакінуў паветраную прастору краіны.
Як удакладніў намеснік дырэктара Адміністрацыі грамадзянскай авіяцыі Альвідас Шумскас, разам з датчанінам у кабіне ляцеў грамадзянін Літвы, які планаваў набыць гэты самалёт.
“Пілот быў адзін — грамадзянін Даніі. Гэта быў дэманстрацыйны палёт для патэнцыйнага пакупніка з Літвы. Як яны патлумачылі, загаварыліся, адзначаючы перавагі самалёта, і нечакана пераляцелі беларускую мяжу”, — сказаў Шумскас.
Беларускія дыпляматы ўручылі ноту пратэсту амбасадару Літвы ў Мінску Андрусу Пулокасу, а кіраўнік літоўскага МЗС Лінас Лінкявічус запэўніў, што Вільня пасля ўсебаковага расследавання інцыдэнту падрыхтуе адказ.
Напярэдадні знешнепалітычнае ведамства Літвы заявіла, што лёгкаматорны самалёт не стварыў пагрозы нацыянальнай бяспецы Беларусі.