Саша Нэма: Калі б Вольскі і Хлястоў спявалі разам, я б рыдаў ад шчасця

Саша Нэма: Калі б Вольскі і Хлястоў спявалі разам, я б рыдаў ад шчасця

Беларускі поп-спявак Саша Нэма пагадзіўся б выступіць на вялікім канцэрце каля Опернага тэатра з нагоды святкавання стагоддзя БНР, калі б у яго быў вольны час. Але арганізатары з артыстам пакуль не звязваліся.

Чаму бы і не? Я пагадзіўся б на любую акцыю, якая настроеная на канструктыў, — разважае выканаўца. — Калі б гэта было без палітычных лозунгаў і ўсялякай лухты. Думаю, што мы маглі б зрабіць бела-чырвона-белы сцяг здабыткам культуры. Мы мусім ставіцца да гэтага ліберальна. Калі на плошчы падчас канцэрта будуць абодва сцягі (чырвона-зялёны і бел-чырвона-белы. — Еўрарадыё), то для мяне гэта будзе вялікае свята і вялікі прарыў нашага грамадства як цывілізаванага і прагрэсіўнага. І калі на адной сцэне будуць спяваць разам Вольскі і Хлястоў, а натоўп будзе пляскаць, то я, напэўна, буду рыдаць ад шчасця”.

Святочны канцэрт будзе праходзіць 25 сакавіка з 14.00 да 19.00 каля Опернага тэатра ў Мінску. Учора ад выступу адмовіўся Аляксандр Саладуха, а шоувумен Ганна Бонд прызналася, што пагадзілася б весці такое мерапрыемства.

Паводле слоў арганізатараў, цяпер дакладна вядома пра выступы Лявона Вольскага, гуртоў J:МОРС, “Крама”, Akute, “Амарока”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі