Саша Ролаў: Трэба ўзяць акорды ля-рэ-мі, і хіт вам забяспечаны!

А таксама паразважаў над праблемай крызісу сярэдняга ўзросту.

Пра тое, як да Ролава прыліп Міхалок, і што з гэтага атрымалася

Еўрарадыё: Саша, якім чынам ты з’явіўся ў свеце беларускага шоў-бізнэсу?

Саша Ролаў: Я не з’яўляўся нідзе. Мяне ніколі не вабіў шоў-бізнэс. Я займаўся творчасцю. А потым на адной дыскатэцы да мяне прыліп Міхалок. Далей глядзі “шоў-бізнэс”.

Еўрарадыё: Да цябе прыліп Міхалок, і…

Саша Ролаў: У адзін момант мы з Міхалком вырашылі зрабіць супер-гурт “Adidas”, дзе складалі сумесна песні. Пры гэтым паралельна існаваў праект “Ляпіс Трубяцкой” і мой праект “Мама дала банку”. Потым праект “Мама дала банку” разваліўся, бо бубнач з’ехаў у Піцер, ён там ажаніўся з жонкай. Гітарыст Саша Суворавец з’ехаў у Чыкага на ПМЖ. А басіст гурта “Мама дала банку” ажаніўся з маёй былой дзяўчынай. І атрымалася, што гурт перастаў існаваць. І тады Міхалок мне прапанаваў уліцца ў “Ляпіс Трубяцкой”, які на той час ужо быў папулярным і самастойным калектывам.

Еўрарадыё: Што граў гурт “Мама дала банку”?

Саша Ролаў: Мы гэта называлі банк-рокам. А ўвогуле крытыкі казалі, што гэта гаражная музыка, то бок, канец 60-х, кшталту Stogges.

Еўрарадыё: І якую ідэю вы пераследвалі?

Саша Ролаў: Мы нікога не пераследвалі! І нас, дзякуй Богу! Мы проста дурэлі!

Еўрарадыё: Якім быў твой лёс у “Ляпісах”?

Саша Ролаў: Разам з імі я запісваў альбом “Любові капец”, праца над якім вялася ў Мінску на студыі “Меццо Форте”. Потым мы разышліся: я з’ехаў у Маскву сам па сабе, працаваць з Васем Шугалеем. Мы там рабілі праект пад назвай “Приятные парни”. А потым туды прыехалі “Ляпісы”. Мы з Міхалком пагаварылі, і з Масквы я з’ехаў ужо разам з гуртом “Ляпіс Трубяцкой”.

Еўрарадыё: Ты прыклаў руку да стварэння песень альбома “Ты кінула”

Саша Ролаў: Гэты альбом яны пісалі без мяне. Я там праспяваў літаральна некалькі радкоў у песні “Пастушок”. Увогуле мы песні пісалі разам з Міхалком.

Еўрарадыё: Якая песня ў альбоме “ Ты кінула” табе больш за ўсё падабаецца?

Саша Ролаў: Калі шчыра, то больш за ўсё мне падабаецца песня “Ты кінула”. Падабаецца, як маскоўскі прадзюсер зрабіў аранжыроўку. Трэба аддаць яму даніну, што аранжыроўка атрымалася вельмі добрай. Калі Дзіма “Рыжы” – тагачасны басіст, граў на басе акордамі – гэта было вельмі моцна, арыгінальна, такога ў Расіі, напрыклад, ніхто не рабіў. Песня гэта гучала вельмі альтэрнатыўна і адначасова вельмі фарматна. Усе радыёстанцыі з задавальненнем яе круцілі, хоць пры гэтым яна была ну зусім “бязбашаннай”. Ну а яшчэ не магу не прыгадаць песню, якую склалі мы ўтраіх – я, Міхалок і Лёша Хацзон“Чотка нам у лесе, чотка ў бару”. Гэтая песня заўсёды выклікае ў мяне толькі пазітыўныя эмоцыі.

Так некалі выглядаў "Ляпіс Трубяцкой"

 

Еўрарадыё: Чаму ў выніку, у цябе не атрымалася з “Ляпісамі”?

Саша Ролаў: Самы карэктны адказ: у гурта не могуць быць два лідары. У нас з Міхалком рознае бачанне музыкі. Напэўна, гэта добра. Ён бачыў па-свойму, я – па-свойму. Калі пачыналіся спрэчкі на рэпетыцыях, а пацаны, якія не бралі ўдзел у стварэнні твора, проста губляліся і не разумелі, каго слухаць.

Еўрарадыё: А як ты ставішся да творчасці сучасных “Ляпісаў”? Ці чуў ты апошнія альбомы гурта? Як табе сучасны Міхалок – ідэйны, накачаны, модны?

Саша Ролаў: На жаль, Міхалка я вельмі даўно не бачыў, хоць, з задавальненнем бы з ім пагаварыў, неяк у нас не атрымліваецца перасекчыся… Калі шчыра, я не да канца разумею гэтыя альбомы. Магчыма, калі б я з ім пагаварыў, я б яго зразумеў. А так мне гэта нагадвае нейкі юнацкі максімалізм. Я не разумею, навошта рабіць сацыяльныя песні! Няхай Шаўчук гэтым займаецца! Ёсць Шаўчук у рускамоўнай прасторы! Калі смешна, тады смешна. Вось, “Бей, Андрюша, бей” – добрая песня. А вось калі Міхалок пачынае пра нешта сур’ёзнае… У мяне не асацыюецца Міхалок і такія сур’ёзныя, глабальныя заявы.

Еўрарадыё: Міхалок проста змяніўся…

Саша Ролаў: Я і кажу, магчыма. Проста не бачыў яго даўно.

Саша Ролаў у 90-х

Пра супрацоўніцтва з беларускімі артыстамі і "беларуская музыка па-ролаўскі"


Еўрарадыё: Адзін з этапаў тваёй творчасці – супрацоўніцтва з беларускімі гуртамі – “Дрозды”, “Пару Рублей”, IQ48, “Метеор”

Саша Ролаў: Не, з “Метеором” у нас нічога не атрымалася. Я з імі хацеў зрабіць песню нябожчыка Васі Шугалея “Усё нармальна, мама”, але яны так і не спадобіліся. Усё так і заціхла.

Еўрарадыё: Былі ў цябе спробы супрацоўніцтва з беларускай эстрадай. Прынамсі, з Ларысай Грыбалёвай

Саша Ролаў: Разам з маім сябрам кампазітарам Дацкевічам мы напісалі некалькі песень. Проста па прыколу - ён напісаў звычайныя папсовыя мелодыі, яны мне падаліся прыгожымі. Ён мне прапанаваў напісаць да іх тэксты. Я ўзяў і напісаў. Ну лухта поўная, аднак слухаецца добра! Потым мы спрабавалі гэтыя песні прадаць. А Ларыса Грыбалёва нам сказала: “Ведаеце, хлопцы, у мяне чалавек дваццаць стаяць у чарзе і грошы ім не патрэбныя, абы я праспявала іх песні! А вы хочаце грошы за іх атрымаць!” А мне не трэба бясплатна: калі ўжо я лухтой займаюся, дык трэба за яе хоць грошы атрымліваць:).

Еўрарадыё: Кажуць, ты прапаноўваў песню гурту “J: Морс”?

Саша Ролаў: Я хацеў з “J: Морс’ам” запісаць сумесную песню. Тады яшчэ з Ромам Арловым. Мы рэпетавалі, рэпетавалі, а потым з Ромам не сышліся неяк, бо там таксама ўсе надта крутыя, яны хацелі грошай… Ну, не хочаце – як хочаце! Я проста рабіў праект: хацеў зрабіць цэлы альбом песень з рознымі гуртамі. На жаль, не знайшлося ў нас столькі гуртоў.

Еўрарадыё: А зараз Рома Арлоў зрабіў праект з рознымі выканаўцамі…

Саша Ролаў: Ён мне не падабаецца. Па-мойму, больш пантоў, чым сутнасці, нічога там наватарскага я не пачуў… Можа падацца, што я такі тут сяджу, усіх лажаю: Міхалка альбомы мне не падабаюцца, Ромы праект мне не падабаецца. А сам ты што зрабіў? Справа не ў гэтым. Проста распавядаю пра свае адчуванні. Калі добра – тады добра. На самой справе, Рома Арлоў у “J: Морс” мне падаваўся нашмат цікавейшым і прадуктыўным, і, на жаль, “J: Морс” стаў горшым без Ромы Арлова. Гэта відавочна.

Еўрарадыё: То бок, ты цікавішся беларускай музыкай і сочыш за яе навінамі?

Саша Ролаў: Ды не, я толькі знаёмымі цікаўлюся. Ну якая беларуская музыка!? Пра што тут гаварыць!

Еўрарадыё: Напрыклад, “Серебряная Свадьба”.

Саша Ролаў: Зноў жа, я не магу не любіць “Серебряную Свадьбу”, таму што Бенька з Віцебску, як і я. І ў 91-м годзе мы тусаваліся ў адным і тым жа месцы ў Віцебску. Яно называлася “Стенка” і знаходзілася на зліцці дзьвюх рэк – Віцьба і Заходняя Дзвіна.

Еўрарадыё: Атрымоўваецца, ты ўсіх ведаеш, цябе ўсе ведаюць, а значыць, ты цікавішся беларускай музыкай…

Саша Ролаў: Ну, тым пакаленнем, так… Дзякуй Богу, што з’явіліся добрыя перадачы па “ЛАДзе”, напрыклад, “Живой звук”; на СТБ - “Музычны рынг” таксама і маладых запрашаюць. Я дык увогуле не ведаю маладых гуртоў…
 
Еўрарадыё: І пра “The Toobes”чуў?

Саша Ролаў: Не. А, пачакай! Гэта такія хлопцы, што ўтрох спяваюць на англійскай мове? Бачыў я іх у перадачы Пукста на 8-м канале. Я вельмі здзівіўся, што могуць так у нас людзі граць, вельмі высокі еўрапейскі ўзровень!

Пра ўласныя праекты - лірычны і маразматычны


Еўрарадыё: Саша, што чуваць наконт тваіх уласных праектаў і гуртоў?

Саша Ролаў: Апошнім часам я крыху захапіўся бізнесам. Зараз ад гэтага пазбаўляюся, развязваю сабе рукі. У мяне два праекты. Адзін – дуэт з Косцям Калеснікавым – былым басістам “Лепрыконсаў” і IQ48, які называецца “Дуэт Аляксандра і Канстанціна”. І яшчэ хачу зрабіць акустычны праект з трубамі, ён будзе называцца “Трыа “Чацвёра”.

Еўрарадыё: Чым будзе адметны рэпертуар гэтых праектаў?

Саша Ролаў: Камерны праект з трубамі будзе цалкам лірычны, а “Дуэт Аляксандра і Канстанціна” - маразматычным. Ён будзе інтуітыўным. Там будзе літаральна адзін-два радкі, а астатняе – музычныя вынаходніцтвы Косці і мае.

Еўрарадыё: То бок, андэграўнд, альтэрнатыва і ніякай камерцыі?

Саша Ролаў: Не, камерцыя будзе вялікая, таму што нас будуць страшна запрашаць на карпаратывы!

Рэцэпт паспяховай песні ад Сашы Ролава

Еўрарадыё: Рэцэпт паспяховай песні ад Ролава…

Саша Ролаў: Трэба ўзяць выключна акорды ля-рэ-мі, і ўсё – гэта будзе абсалютна паспяховая песня! Дадаць фа, магчыма. Як казаў Міхалок на пачатку 90-х пра песню “Ау”: “У трэцім акордзе ёсць сінкопа, магчыма, не ўсе ведаюць, як гэта складана браць”. Вось сінкопай і ёсць “фа-мі”. Дадаць фа, узяць ля-рэ-мі, і хіт вам забяспечаны!

Еўрарадыё: Апроч ля-рэ-мі, мабыць, патрэбныя нейкія словы?

Саша Ролаў: Словы павінны быць ёмістымі. Напрыклад, слова “усё”, альбо “ты”. Вось ёсць слова “ты”, і ўжо чалавек ставіцца асабіста да гэтай песні.

Еўрарадыё: А “мы”?

Саша Ролаў: Ой, не-не. Калі “мы” – гэта ўжо не лірыка. “Мы” – гэта палітыка. Канфлікту няма. Калі ўжо ёсць “мы”, то пра што тады спяваць?


Пра прозу Сашы Ролава і "БарБарыс"


 Еўрарадыё: Саша, тваю прозу 2004 года можна знайсці на сайце проза.ру.

Саша Ролаў: Так, як адна знаёмая сказала, што гэта такі юнацкі трэш.

Еўрарадыё: А тое, што ты пішаш зараз, недзе можна знайсці? Ці няма жадання выдаць кнігу?

Саша Ролаў: Пасля таго, як я напісаў гэтыя трэшавыя аповеды, напісаў пачатак двух раманаў, я зразумеў, што не гатовы. Трэба пачакаць крыху.

Еўрарадыё: У любым выпадку, працяг чакаецца?

Саша Ролаў: У некаторых, калі яно з маладосці адразу пайшло, то яно і ідзе. А калі яно ў сярэднім узросце неяк вось так, праз сілу, то значыць,трэба пачакаць крыху больш мудрасці. Я зараз спяшаюся жыць, пастаянна хачу нешта зрабіць, зрабіць, зрабіць. А каб напісаць кнігу, патрэбна канкрэтна спыніцца, сесці і больш нічога не рабіць альбо пісаць вось такія кароценькія замалёўкі.

Увогуле ў мяне ёсць яшчэ адзін новы праект з Сашам Хлебнікавым. Мы збіраемся рабіць перадачу. Хутчэй за ўсё, яна будзе ісці на БелМузТВ, магчыма, на іншым канале: вельмі сур’ёзная, глыбінная гумарыстычная перадача “Куток Дурава”. Гэта будзе чысты гумар, тое, як мы бачым розныя жыццёвыя сітуацыі, кшталту скейт-шоў. Крыўдна бывае, калі бачыш смешнае нешта, у цябе адразу нараджаецца сюжэт і бачанне, як можна было б гэта абыграць, а працягу гэтаму няма. Дзякуй Богу, што ўсё ўжо дамоўлена, і зноў жа, гэта абсалютна без грошай! Проста паспрабуем “набіць руку”, паспрабуем сябе. А далей, магчыма, будзе гумарыстычны серыял пра бар. Будзе называцца “Бар “Барыс”. Пра тое, як чалавеку ў спадчыну дастаўся бар, чалавека завуць Барыс. І вось ён не ведае, што з ім рабіць. І вакол бара ўсё круціцца. Таму што павінны ж быць здымкі ў адным памяшканні! Бюджэту ж больш няма!

Пра Васю Пачыцкага


Еўрарадыё: Ці ёсць у беларускім мастацтве персанажы, якія табе падабаюцца?

Саша Ролаў: Мне сімпатычны Клінаў, напрыклад, і з яго чаяпіццямі і ўвогуле, як чалавек. Мне падабаецца Вашкевіч, таму што ён валодае вельмі добрымі прафесійнымі мастацкімі навыкамі, і ў яго працах ёсць ідэя. Але на першым месцы, вядома ж , мой сябра Вася Пачыцкі, бо гэта вельмі сур’ёзны ўзровень, такога ўзроўню ў Беларусі я больш не ведаю. Я проста слаба разбіраюся, напрыклад, у акварэлі, у нацюрмортах, але ведаю, што ў сваім жанры Пачыцкі робіць тое, што ніхто не робіць, і даўно не рабіў, і не ведаю, ці будзе рабіць.

Еўрарадыё: Ці не спрабавалі вы з Пачыцкім рабіць нейкія сумесныя музычныя праекты?

Саша Ролаў: Гэта вы проста пад дых б’еце, таму што апошні месяц ідуць перамовы, толькі пакуль усё не зразумела. Нібыта збіраліся яго новы альбом запісваць, але нешта ён маўчыць.

Сучасны Саша Ролаў на Еўрарадыё

Пра крызіс сярэдняга ўзросту


Еўрарадыё: Ты верыш у поспех сваіх будучых праектаў?

Саша Ролаў: Не.

Еўрарадыё: Тым не менш ты іх будзеш рабіць.

Саша Ролаў:Таму што трэба рабіць. У поспех абавязаныя верыць прадзюсары. Я – не прадзюсар, я проста лічу, што я павінен рабіць тое, што павінен. Калі я адчуваю, што я павінен гэта рабіць, я раблю. Я вось зараз адчуў, што я не павінен займацца бізнэсам, я спыняю яго.

Еўрарадыё: Цяжка без творчасці? Ці нават займаючыся бізнэсам, ты ўсё роўна нешта ствараеш?

Саша Ролаў: Што значыць цяжка? Кепска без творчасці. Проста са страшнай сілай накатвае крызіс сярэдняга ўзросту, кожны дзень ты задумваешся: “Што ты робіш?!” Крызіс сярэдняга ўзросту заключаецца ў незрэалізаванасці сябе. І гэта ва ўсіх так. Калі чалавек не можа сябе зрэалізаваць – яму кепска. Ён пачынае співацца, альбо пачынае тупа хадзіць на працу і тупа зарабляць грошы, а потым вечарам крычаць на жонку, выпіваць 100 грам віскі, каб заснуць, каб не пакутаваць ад думак, а потым раніцай зноў ідзе на працу. Потым кажа: “Не лезьце да мяне”, і чалавек робіцца закрытым, змрочным і недаступным.

Еўрарадыё: Як выглядае твой добры, паспяховы дзень?

Саша Ролаў: Яго няма ў мяне! Дзень – гэта калі ёсць распарадак дня: раніцай, напрыклад, ты прачнуўся, паснедаў, пайшоў на працу, потым паабедаў, вечарам вярнуўся дадому, павячэраў, а потым нечым яшчэ заняўся. А ў мяне дзень зліваецца ў тыдзень ці месяц. Я магу, напрыклад, легчы спаць у дзевяць раніцы, а ўсю ноч нечым займацца – сядзець за камп’ютэрам, чытаць, глядзець фільм, выпіваць. Гэта падобна на лінейку, якая складваецца, гэта ні дзень канкрэтны, гэта жыццё. Таму, згодна са сваімі цяперашнімі адчуваннямі, магу ўсім параіць: кідайце працу!


 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі