Саша Варламаў: Трымаюся з апошніх сіл, каб пачуць справядлівы прысуд
Вядомы беларускі мадэльер выступіў у судзе з апошнім словам.
Працэс па ягонай справе завяршаецца, рашэнне будзе агучанае 23 ліпеня аб 11.00.
Варламаў выступаў седзячы і ў сваёй прамове звяртаўся да евангельскіх вобразаў. За кратамі ён правёў болей за два гады. За гэты час значна пагоршыўся стан яго здароўя. Як сказаў у інтэр’ю Еўрарадыё адвакат падсуднага Павел Піваварчык, у Варламава 6 міжпазваночных грыж. Ён з цяжкасцю ходзіць і з цяжкасцю дыхае і сапраўды “трымаецца толькі воляй духа, каб дачакацца прысуда”.
Кіраўніка і натхняльніка фестывалю-конкурсу “Млын-моды” могуць прызнаць вінаватым па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса — "злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі", "махлярства ў асабліва вялікім памеры", "крадзеж у буйным памеры шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі", "прыўлашчванне маёмасці" і "ўхіленне ад выплаты падаткаў".
Адвакат спадзяецца на апраўдальны прысуд, бо віна Варламава не была даказаная ні па адным з пунктаў.
У часе свайго выступу Саша Варламаў сказаў: “Я ў турме, а “Млын моды” ёсць. Калі б гэтага не трэба было, ён бы разваліўся, бо я ўжо больш за 2 гады ў турме. Колькі моладзевых цэнтраў можна было пабудаваць за сродкі, якія былі затрачаныя на следства!”.