Сайт "Бинокль" аднавіў фота з маршу ў Брэсце, знішчаныя міліцыянтамі
Брэсцкі гарадскі сайт "Бинокль" аднавіў фатаздымкі з маршу 18 кастрычніка, знішчаныя міліцыянтамі.
У той дзень (71-ы дзень пратэстаў) на акцыю ў Брэсце выйшла каля 100 чалавек. Затрыманні пачаліся яшчэ да пачатку акцыі. Тым не менш калона прайшла па вуліцы Савецкай да ЦУМа. Некаторыя жанчыны неслі кветкі, адзіны бел-чырвона-белы сцяг заўважылі ў руках у пенсіянеркі.
Затрыманні працягваліся на скрыжаванні Савецкай і Машэрава. Потым дэманстранты прайшлі да праспекта Машэрава ў напрамку Кобрынскага моста. Каля 17:30 марш завяршыўся.
Падчас акцыі затрымалі журналістаў "Бинокля" — карэспандэнта Максіма Хлябца і фатографа Рамана Чмяля. У таніраваным мікрааўтобусе іх адвезлі ў Ленінскі РАУС, а пазней далі па 15 сутак кожнаму.
На судзе адвакатка хадайнічала запрасіць сведак затрымання і працы карэспандэнтаў, далучыць да справы відэазапісы з вулічных камер. Аднак суддзя Грушко адхіліў хадайніцтва: маўляў, сведка і відэазапіс з парушэннем ужо ёсць, а новыя сведкі і запісы "не паўплываюць на рашэнне суда". Адзіным доказам віны журналістаў сталі паказанні сведкі — намесніка начальніка УУС Брэсцкага аблвыканкама А. Кісяля і запіс з яго мабільніка, дзе на працягу 40 чекундаў гаворыцца, што журналісты ідуць і калона таксама ідзе. Запіс зроблены за пару хвілін да затрымання Хлябца і Чмяля.
На судзе сведка заявіў, што журналісты вялі калону і ўдзельнічалі ў маршы, а не бралі інтэрв'ю, не фатаграфавалі і "не выконвалі журналісцкія функцыі". Пасля затрымання міліцыянты выдалілі з фотаапарата Чмяля ўсе фатаздымкі, што магло б даказаць ягоную працу на акцыі.
Цяпер журналістам удалося аднавіць усе фота.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.