СБ: Галоўнае, каб у заканадаўчым органе прысутнічаў плюралізм думак

Вельмі прадказальна тэмай гэтага тыдня былі вынікі выбараў. Дакладней, не столькі самі выбары, як два пытанні: ці патрапіць у Палату прадстаўнікоў хаця б адзін апазіцыянер, і як ацэніць выбары Захад?
Але вось вынікі былі абвешчаныя. І ўсе ўздыхнулі – хтосьці з палёгкай, хтосьці з адчаем: ніводнага апазіцыянера ў Палаце прадстаўнікоў не будзе! “Нас кінулі”,  — казалі ў сваіх інтэрв’ю прадстаўнікі апазіцыі ў 29 верасня зранку. Адзін з палітолагаў на Радыё Свабода нават выказаўся пра “шухер з Еўропай”…

А газета прэзідэнцкай вертыкалі “Советская Белоруссия” вуснамі палітолага Алега Бухаўца заявіла, што апазіцыйнасць для дэпутата не галоўная якасць у жыцці: “На мой погляд, крыху дзіўна, что абмеркаванне звялося пераважна да пытання: чаму ў парламент не прайшлі кандыдаты ад апазіцыі?Мяркую, не варта зацыклівацца на тым, прадстаўнікі якіх сіл абраныя дэпутатамі. Галоўнае, каб у заканадаўчым органе прысутнічалі плюралізм думак, канкурэнцыя ідэй… “Партыйная афарбоўка” ці яе адсутнасць тут не маюць прынцыповага значэння”. І каб пацвердзіць гэта, у Палату прадстаўнікоў пусцілі толькі сем партыйцаў — шэсць “правільных”  камуністаў і аднаго аграрыя…

Ну, а з плюралізмам мы не падкачалі! Старт быў дадзены заявай місіі заходніх назіральнікаў. “Нягледзячы на пэўныя паляпшэнні, выбары не адпавядалі стандартам АБСЕ”, — цытуе агенцтва БелаПАН заяву кіраўніцы місіі Ан-Мары Лізэн.

Вось з гэтага моманту ў дзяржаўных медыях пачаўся проста нястрымны плюралізм. Газета “Рэспубліка” распавяла, што Аляксандр Лукашэнка паставіўся да назіральнікаў стрымана, але прыхільна: “Прэзідэнт Беларусі заклікаў назіральнікаў ад АБСЕ не спяшацца даваць ацэнку парламенцкім выбарам у Беларусі пад дыктоўку нейкай дзяржавы. На сустрэчы з кіраўніцай назіральнай місіі ПА АБСЕ Ан-Мары Лізэн Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларускі бок “не чакаў рэвалюцыйных прызнанняў”. І паведаміў, што цяпер Беларусь чакае, каб Еўропа зняла ўсе санкцыі. А што? Мы і ў другую сусветную, маўляў, ваявалі, і ад Чарнобыля пацярпелі…

Падтрымала кіраўніка Беларусі і Лідзі Ярмошына. “Пры тым, што мы разлічвалі на больш цёплыя словы ў высновах, якія дала АБСЕ (хоць і гэтых словаў я ўжо чакаю 12 гадоў), тым не менш, яны ўнушаюць аптымізм”, — цытуе старшыню Цэнтравыбаркаму БЕЛТА.

А вось палітолаг Аляксей Бяляеў у эфіры Першага тэлеканалу праявіў плюралізм, гаворачы пра заходніх назіральнікаў: “Рашэнне, канечне, будзе залежаць ад мноства фактараў, і АБСЕ сфармулюе яго значна пазней. Безумоўна, яны будуць кансультавацца і ў Бруселі, і ў іншых сталіцах”.

Тэлеканалы асабліва стараліся праявіць плюралізм. У праграму “Выбар” спярша нават запрасілі апазіцыянераў Алеся Міхалевіча і Яраслава Раманчука. Аднак калі тыя не патрапілі ў Палату прадстаўнікоў, то і на тэлекарцінку не патрапілі.  А вось прадстаўнікоў АБСЕ паказаць давялося… Праўда, паказалі іх так, што заходнікам давялося спецыяльна абвяргаць паказанае.  “Беларускія тэлеканалы БТ і АНТ паказалі выступ кіраўніка Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ амбасадара Янеза Ленарчыча, паводле якога спадар Ленарчыч нібыта заявіў, што доўгатэрміновыя назіральнікі БДІПЧ АБСЕ “не знайшлі якіх-небудзь сур’ёзных парушэнняў”. Насамрэч амбасадар Ленарчыч сказаў, што назіральнікі “выявілі важныя недахопы з перадвыбарны перыяд”, — цытуе заяву БелаПАН.

Але плюралізм ёсць плюралізм… “Комсомольская правда в Беларуси” з гэтай нагоды адзначыла: “Еўрасаюз можа выбіраць: глядзець на шматлікія мінусы ці на рэдкія плюсы. Вельмі выгадная сітуацыя”.

Публіцыст Віктар Марціновіч у каментары той жа “Камсамолцы” заявіў, што ад такіх “выбараў” прайгралі ўсе іх удзельнікі: “Прайграла Еўропа, прайграла ўлада, тыя апазіцыянеры, якія ўдзельнічалі ў выбарах”.

Як ні дзіўна, ніхто не прыгадвае, што прайгралі найперш выбарцы. Тыя, хто быў пазбаўлены сапраўднага выбару, рознабаковай інфармацыі ды магчымасці вольных дыскусіяў.

Фота — ByMedia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі