СБУ: двух беларусаў з ПВК "Вагнер" падазраюць у ваенных злачынствах пад Кіевам

СБУ: двух беларусаў з ПВК "Вагнер" падазраюць у ваенных злачынствах пад Кіевам

У ваенных злачынствах на тэрыторыі Кіеўскай вобласці Служба бяспекі Украіны падазрае двух беларусаў. Гэта ўраджэнец Рэчыцы Сяргей Сазонаў і аршанец Аляксандр Ступніцкі. Паведамляецца, што яны ваявалі ў складзе расійскай прыватнай ваеннай кампаніі "Вагнер" у Сірыі. 

Ва Украіне іх падазраюць у 14 эпізодах катаванняў і зверскіх расстрэлаў у вёсцы Матыжын Макараўскага раёну Кіеўскай вобласці. Украінскія следчыя сцвярджаюць, што Сазонаў і Ступніцкі ўдзельнічалі ў выкраданні, катаванні і забойстве старасты Матыжына Вольгі Сухенка, яе мужа і сына.

Агулам СБУ назвала імёны васьмі акупантаў, якія ўчынілі ваенныя злачынствы ў Матыжыне.

Абодва названыя беларусы ёсць у базе цэнтра "Міратворац". Там паведамляецца, што Сяргей Сазонаў нарадзіўся ў 1972 годзе, быў маёрам міліцыі, працаваў участковым інспеэктарам Рэчыцкага РАУС. У 2015 годзе яго нібыта аштрафавалі за спажыванне наркотыкаў на 14 мільёнаў рублёў. Мае пазыўны "Рой".

Аляксандр Ступніцкі нарадзіўся ў 1989 годзе і дагэтуль нібыта мае прапіску ў Оршы.

У цэнтры "Міратворац" адзначаюць, што абодва дагэтуль маюць беларускае грамадзянства.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі