Scooter у Мінск вязе чалавек, які кінуў на 50 мільёнаў фанатаў Cradle of Filth
Дырэктара фірмы "Неаполіс" Міхаіла Крукоўскага ўжо доўгі час не могуць знайсці судовыя выканаўцы. Яго фірма вінна 100 мільёнаў дзяржаве і фанатам гурта Cradle of Filth за квіткі
Фірма "Неаполіс" ладзіла канцэрт Cradle of Filth, які не адбыўся. Грошы за квіткі фанатам не вярнулі. А арганізатар і дырэктар фірмы знік. Як высветлілася, ён жа цяпер займаецца канцэртам гурта Scooter у Мінску, але ад імя Палаца спорту.
Дырэктар Палаца спорту Сяргей Прановіч паведаміў Еўрарадыё, што арганізацыяй канцэрта займаецца менавіта Міхаіл Крукоўскі.
Сяргей Прановіч: "Займаецца наш прадстаўнік. Ён заняты і ён адзін займаецца гэтым пытаннем. Так, Крукоўскі займаецца".
Сяргей Прановіч кажа, што не ведае пра гісторыю з канцэртам Cradle of Filth. Нагадаем, канцэрт не адбыўся, грошы за квіткі фанатам так і не вярнулі, а арганізатары зніклі. Але запэўніў, што калі нешта здарыцца, то грошы будзе вяртаць Палац спорту. Бо менавіта Палац ладзіць канцэрт.
Начальнік аддзела па справах мастацтваў пры ўпраўленні культуры Мінгарвыканкама Ўладзімір Анціповіч раней казаў, што на парог не пусціць гэтага чалавека, пакуль грошы людзям не верне, — але пусціў.
Уладзімір Анціповіч: "Рэч у тым, што афіцыйна арганізатарам канцэрта з'яўляецца Палац спорту, і гастрольнае пасведчанне выдадзенае на Палац спорту, а не на яго. Таму калі што, за ўсё будзе адказваць Палац спорту".
А вось калі б ён прыйшоў атрымоўваць пасведчанне ад сваёй фірмы, то размова з ім была б зусім іншая, кажа Ўладзімір Валер'евіч. Хаця, як сам прызнаецца, яму нават шкада Міхаіла Крукоўскага.
Уладзімір Анціповіч: "Мы яго трошкі прыціснулі. Але мне ў той сітуацыі яго нават шкада, чыста па-чалавечы".
Сапраўды, канцэрт не адбыўся не па віне арганізатараў. Машыну з тэхнікай пратрымалі на мяжы каля 11 гадзінаў, і музыкі не змаглі выступіць у прызначаны дзень з-за шчыльнага графіка. Арганізатары і прыхільнікі гатовыя былі і застацца на начны канцэрт, але на гэта не было дазволу гарвыканкама.
Таму сам дырэктар фірмы Міхаіл Крукоўскі паабяцаў фанатам праз тыдзень вярнуць грошы. Але пасля арганізатар канцэрта знік. А па пазначаных тэлефонах ніхто не адказваў. Тады фанаты звярнуліся у суд.
Суд пастанавіў выплаціць 100 мільёнаў. Палову — пакрыўджаным фанатам, палову — дзяржаве: за тое, што фірма не зрабіла гэта добраахвотна. Гэта было ў жніўні, але судовыя выканаўцы не могуць дагэтуль знайсці Міхаіла Крукоўскага.
"Мы атрымалі судовае рашэнне на рукі, — кажа адзін з фанатаў Віктар Кавальчук. — Але гэтая справа перадавалася ўжо ў некалькі судоў. З суду Ленінскага раёна перадавалася ў суд Савецкага раёна, бо Міхаіл пакінуў адрас для карэспандэнцыі свой у Савецкім раёне. Але фізічнае месцазнаходжанне яго знайсці не могуць".
Як паведамілі Еўрарадыё ў судзе Ленінскага раёна, справа "Неаполіса" зусім нядаўна зноў вярнулася да іх. Таму нейкіх вынікаў можна чакаць толькі праз тыдзень, бо яна яшчэ нават не была перададзеная новаму судоваму выканаўцу.
Віктар Кавальчук кажа, што ўжо паведаміў у суд і аддзел гарвыканкама па культуры, які выдае канцэртныя пасведчанні, што Крукоўскі ладзіць новы канцэрт. Але гэтым ніхто не хоча займацца.
А Еўрарадыё паспрабавала звязацца з Міхаілам Крукоўскім праз дырэктара Палаца спорту. І атрымала адказ, што тэлефона той не мае і звязацца з ім немагчыма.
Затое галоўны бухгалтар Палаца спорту пагадзілася даць нам тэлефон арганізатара. Жанчына ўжо пачала дыктаваць нумар, як нечакана спынілася і перадала трубку дырэктару, які, як аказалася, сядзеў побач...
Усе ведаюць, што Крукоўскі, дырэктар фірмы "Неаполіс", якога шукае суд, ладзіць канцэрт — але ніхто нічога не можа зрабіць, бо знайсці гэтага чалавека немагчыма.
Прыхільнікі Cradle of Filth спадзяюцца, што арганізатар заробіць грошы на канцэрце Scooter і тады верне ім. Але на беларускіх музычных форумах усё часцей з'яўляецца інфармацыя, што рэкламы канцэрта вельмі мала, ды і хто пойдзе туды пасля The Prodigy, задаюцца пытаннем фарумчане. Праўда, ні ў касах, ні ў Палацы спорту пра тое, як прадаюцца квіткі, ніхто не кажа.
А некаторыя фанаты Cradle of Filth нават збіраліся наведаць канцэрт Scooter, але як даведаліся, хто яго ладзіць, — адмовіліся ад гэтай ідэі.
Фота: reklama-mama.ru