Севярынец толькі выйшаў на волю і адразу ж атрымаў 30 сутак арышту
10 студзеня ў Мінску працягваюцца суды над удзельнікамі антыінтэграцыйных акцый пратэсту, якія прайшлі ў снежні 2019-га. Адзін з іх лідараў Павел Севярынец выйшаў на волю ўначы ў пятніцу. Яго адразу папярэдзілі: "Пакуль вы свабодныя". Суд Савецкага раёна асудзіў Севярынца на 30 сутак адміністрацыйнага арышту — па 15 сутак за акцыі 20 і 21 снежня.
Блогер Сяргей Ціханоўскі атрымаў яшчэ 15 сутак арышту — за акцыю 20 снежня. На волю ён выйдзе 26 студзеня. Блогер Дзмітрый Казлоў ("Шэры кот"), які адбываў 15 сутак у Оршы, атрымаў яшчэ 15 сутак, яго вызваляць толькі ўвечары 24 студзеня.
Таксама ў судах былі аштрафаваны: Ніна Багінская, Святлана Каваленка, Вольга Кавалькова — па 1350 рублёў, Ігар Лялькоў, Юрый Беленькі, Даніла Лаўрэцкі, Галіна Лагацкая, Андрэй Рогаў, Ірына Цап — па 810 рублёў, Вольга Быкоўская — 675 рублёў, Ганна Шапуцька, Уладзімір Арлоў — па 540 рублёў. У Дуброўне Наталля Стрэльчанка асуджана на 675 рублёў штрафу. Больш падрабязна пра прысуды можна паглядзець тут.
Суд Вячаслава Сіўчыка перанесены на нявызначаны тэрмін, а справу журналісткі "Новага часу" Дзіяны Серадзюк адправілі на дапрацоўку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.