Шатландыі не дазволілі правесці рэферэндум аб незалежнасці без згоды Лондана

Кіраўніца ўраду Шатландыі Нікола Стэрджэн / gettyimages.com
Кіраўніца ўраду Шатландыі Нікола Стэрджэн / gettyimages.com

Шатландыі не дазволілі правесці рэферэндум аб незалежнасці без згоды Лондана. Такое рашэнне вынес Вярхоўны суд Вялікабрытаніі, піша "Бі-Бі-Сі".

Рэферэндум аб незалежнасці праводзіўся ў Шатландыі ў 2014-м, але незалежнікаў было замала — толькі 45%. Аднак сітуацыя змянілася пасля выхаду Вялікабрытаніі з Еўрасаюза. Шатландцы хацелі застацца ў ЕС — 62% прагаласавалі супраць брэксіта. Цяпер жа яны ўпэўненыя ў перамозе на рэферэндуме. Але Вярхоўны суд закрыў наўпроставы заканадаўчы шлях да яго. А ўлады Вялікабрытаніі дазволу на правядзенне рэферэндума не даюць.

Кіраўніца ўраду Шатландыі Нікола Стэрджэн заявіла, што гэта не канец. Яна яшчэ летам анансавала рэферэндум аб незалежнасці і назвала дату — 19 кастрычніка 2023 года. Менавіта Стэрджэн звярнулася ў Вярхоўны суд у надзеі, што ён пацвердзіць паўнамоцтвы шатландскага парламента самастойна прызначыць рэферэндум.

"Сённяшняе рашэнне закрывае толькі адзін са шляхоў да таго, каб голас Шатландыі па пытанні аб незалежнасці быў пачуты, — кажа Нікола Стэрджэн. — Але ў дэмакратыі прымусіць нас замаўчаць немагчыма і не атрымаецца... Закон, які не дазваляе Шатландыі вызначаць яе ўласную будучыню без згоды цэнтральнай улады ў Вэстмінстэры, выкрывае міф аб Вялікабрытаніі як аб добраахвотным партнёрстве нацый і толькі даказвае, што патрэбен рэферэндум".

Ці дазволіць яго брытанскі парламент, які кантралюе Кансерватыўная партыя? Пакуль гэта малаверагодна. А праводзіць рэферэндум аб незалежнасці без згоды цэнтральных уладаў, як гэта было ў Каталоніі, Шатландыя найхутчэй не будзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі