Шаўцоў: У бліжэйшыя дні варта чакаць рэзкага абвастрэння вайны ў Сірыі
У выпадку перамогі Дональда Трампа на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША пазіцыя Расіі ў нашым рэгіёне ўзмацняцца. А гэта азначае, што “тыл” у краін Балтыі, Польшчы і Украіны будзе не такім моцным, як сёння. Але найбольшых сюрпрызаў трэба чакаць у Сірыі, такое меркаванне палітолаг Юрый Шаўцоў выказаў у гутарцы з Еўрарадыё.
Шаўцоў: “Сёння, заўтра ці паслязаўтра трэба чакаць вельмі рэзкага абвастрэння вайны ў Сірыі. Там ужо сканцэнтраваная самая вялікая з часоў “халоднай вайны” групоўка расійскіх ВМС ля берагоў Сірыі, і хутчэй за ўсё бліжэйшым часам яна будзе задзейнічаная для вырашэння праблемы Алепа”.
А гледзячы на заявы Трампа, трэба чакаць, што ЗША не пойдуць на абвастрэнне адносінаў з Расіяй, калі тая пачне вайсковую аперацыю ў сірыйскім горадзе Алепа.
Але не толькі Расія скарыстаецца перамогай Трампа на выбарах. Па словах Шаўцова, калі Трамп будзе прытрымлівацца сваіх абяцанняў, то ЗША будуць займаць менш актыўную пазіцыю ў свеце, якой яны прытрымліваліся пасля распаду СССР. А гэта азначае, лічыць эксперт, што ў цэлым шэрагу рэгіёнаў пачнецца ўзмацненне тых сілаў, якія раней стрымліваліся Штатамі. Да прыкладу, зараз ідзе штурм Масула, што вельмі важна для супрацьстаяння ісламісцкаму экстрэмізму.
Калі ж ЗША “дадуць адбой”, то што далей будзе з "Ісламскай дзяржавай" у Паўночным Іраку, рытарычна пытаецца Шаўцоў. А такія сітуацыя — можа, і менш экстрэмальныя — існуюць у шэрагу рэгіёнаў планеты, кажа эксперт.