Школьніцу ў Круглянскім раёне забілі з рэўнасці — не пісала лісты ў турму
Непаўналетнюю дзяўчыну ў Круглянскім раёне Магілёўскай вобласці забілі з рэўнасці, інфармуе Следчы камітэт. 20-гадовага падазраванага затрымалі ў 20 кіламетрах ад месца, дзе было здзейснена забойства.
Цела 16-гадовай дзяўчыны знайшлі ўвечары 11 сакавіка ў закінутым доме ў вёсцы Хількавічы. Падазраванага знайшлі па слядах, пакінутых на снезе. У дзень трагедыі ён вызваліўся з магілёўскай турмы, дзе правёў месяц за ўхіленне ад прызыву ў войска. Са школьніцай маладога чалавека звязвалі двухгадовыя блізкія адносіны. "Паміж падазраваным і пацярпелай на глебе рэўнасці ўзнікла сварка, падчас якой ён нанёс несумяшчальныя з жыццём цялесныя пашкоджанні, ад якіх яна памерла на месцы здарэння", — паведаміў тэлеканалу АНТ намеснік начальніка ўпраўлення СК па Магілёўскай вобласці Вадзім Хомчанка.
Мяркуецца, што хлопец задушыў дзяўчыну шалікам. Пасля гэтага ён збег з месца здарэння. Яго шукалі з дапамогай кінолагаў з службовымі сабакамі і затрымалі ўначы каля мяжы з Талачынскім раёнам.
"Ён быў знясілены, ляжаў у напаўпрытомным стане, таму што з месца здарэння ён збег без верхняга адзення", — распавёў начальнік упраўлення крымінальнага вышуку УУС Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Маскалёў.
Падазраваны сваю віну прызнаў і дае паказанні. Паводле яго слоў, на забойства яго падштурхнула крыўда — дзяўчына не пісала яму лістоў, калі ён сядзеў у турме. Хлопцу пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.