Што будзе з коштамі на бензін і салярку ў Беларусі?

Павялічаныя акцызы на бензін і дызпаліва (+45% і +70% адпаведна) будуць сплачваць нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы. Хоць практыка паказвае, што следам вырастаюць і цэны на аўтазапраўках.

“У сувязі з дадатковай падатковай нагрузкай мы аналізуем эканамічны стан сваіх нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў, ― кажа Марына Касцючэнка, прэс-сакратар канцэрна “Белнафтахім”. ― Магчыма, і павелічэнне коштаў на нафтапрадукты будзе абмяркоўвацца. Але мэты перакласці ўсе выдаткі па выплаце акцызаў на плечы спажыўцоў мы не маем”.

Міністр эканомікі Мікалай Снапкоў падчас прамой лініі ў газеце “Рэспубліка” распавёў нам пра тое, як зменяцца кошты на запраўках і чаму здарылася чарговае павелічэнне акцызаў.

“Гэта звязана з нашымі абавязальніцтвамі ў межах Еўразійскай эканамічнай прасторы. Уніфікацыя тарыфнай палітыкі з’яўляецца нашым абавязальніцтвам, ― тлумачыць Мікалай Генадзьевіч. ― Мера накіравана на стварэнне роўных канкурэнтных умоваў для нашых вытворцаў у мытнай прасторы. Па-другое, гэта звязана з падцягваннем цаны на паліва хаця б да ўзроўню Расійскай Федэрацыі. З тым, каб не было агрэсіўнага вывазу паліва, як мы гэта назіралі ў 2011 годзе”.

Калі перавесці расійскія кошты ў беларускія рублі, то ва ўсходніх суседзяў літр бензіна АІ-95 каштуе прыкладна на 800 рублёў даражэй, чым у Беларусі. Звычайнае дызпаліва даражэйшае прыкладна на 400 рублёў.

Калі беларускія і расійскія кошты зраўняюць, то бензін АІ-95 у нас падаражэе прыкладна на 10%, а дызпаліва ― на 5%. Нібыта і не такі фатальны рост коштаў.

“Але ў сённяшняй сітуацыі кошты на бензін маглі б увогуле знізіць, да 5000 тысяч рублёў за літр, ― выказвае меркаванне кандыдат эканамічных навук Леанід Заіка. ― Па маіх разліках, цяпер мы атрымліваем нафту з Расіі па самых танных коштах ― 380 долараў за тону. Раней было 460 долараў. Таму і сённяшнія кошты на бензін і дызпаліва можна было б не мяняць. Але іх могуць яшчэ і павялічыць. І я нават ведаю, як гэта будуць матываваць: у акрузе наш бензін самы танны”.

Еўрарадыё: І сапраўды. У Польшчы бензін даражэйшы больш як удвая. Нават у Расіі, адкуль да нас ідзе нафта, паліва на запраўках больш дарагое…

Леанід Заіка: Так, але пры гэтым ніхто не кажа пра тое, што ў нас зарплата ў 2,2 разы ніжэйшая, чым у Расіі! Вось і можна цешыцца, што бензін танны, а ў зарплатах такая розніца. Спачатку выраўняйце зарплаты, а потым ужо ― кошты на паліва”.

На дадзены ж момант бензін АІ-92 у Беларусі каштуе 7400 рублёў, АІ-95 ― 7800, дызельнае паліва ― 8000, еўрадызель ― 8400. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі