Што хаваецца за мінскімі ўсмешкамі прэзідэнтаў краін СНД?
Эксперты расказваюць, з якімі інтарэсамі прыехалі ў Мінск кіраўнікі дзяржаў былога СССР.
У беларускай сталіцы вэрхал — перакрытыя галоўныя праспекты, праблемны даезд да аэрапорта і натоўпы міліцыі і аховы на вуліцах. 25 кастрычніка тут пачаўся саміт краін СНД, удзел у ім ўзялі амаль усе прэзідэнты. Не прыехаў толькі кіраўнік Кыргызстана.
Палітолаг Юрый Шаўцоў мяркуе, што саміт важны не толькі з сімвалічнага пункту гледжання, але і з практычнага. За месяц да сустрэчы ў Вільні ў кіраўнікоў краін-удзельніц Усходняга партнёрства ёсць магчымасць атрымаць прэферэнцыі ад Расіі, якая не зацікаўленая ў іх ўдзеле ў праграме Еўрасаюза.
“Гэты саміт праходзіць перад самітам Усходняга партнёрства, які адбудзецца ў Вільні праз месяц. Пытанні, якія там будуць абмяркоўвацца, вядомыя. Таму натуральна, што ў Мінску ў гэтыя дні шмат што павінна вызначыцца ў міжнародных адносінах паміж краінамі Усходняй Еўропы”, — кажа Шаўцоў.
На яго думку, у кожнай з краін-удзельніц саміта свае інтарэсы і свой кавалак, які можна выпрасіць у Крамля перад самітам Усходняга партнёрства. У Беларусі, напрыклад, гэта нізкія кошты на газ і старыя пошліны на нафту.
“Што канкрэтнага трэба Беларусі? Нізкія кошты на газ, роўныя з унутрырасійскімі. Каб не было праблем з пастаўкамі нафты і каб экспартныя пошліны на нафту заставаліся на ранейшым узроўні”, — распавядае эксперт.
У Мінску гэтымі днямі праходзіць не толькі саміт краін СНД. 24 кастрычніка адбыўся Вышэйшы Еўразійскі эканамічны савет, дзе Лукашэнка сустрэўся з Пуціным і Назарбаевым. Эканаміст Сяргей Чалы мяркуе, што іх перамовы маглі быць даволі вострымі. Прэзідэнты павіны былі абмеркаваць які мінімум адно сур’ёзнае пытанне, што будзе з Еўразійскім саюзам далей?
“Асноўная інтрыга, вакол чаго ўсё верціцца, гэта незразумелы лёс Еўразійскага саюза. Незразумела, што новага ён можа дадаць у параўнанні з ужо існуючым Мытным саюзам”.
Сяргей Чалы мяркуе, што існаванне Еўразійскага саюза і яго далейшае развіццё неабходнае ў першую чаргу зацікаўленай у геапалітычным узвышэнні Расіі. Маўляў, гэта нядрэнная альтэрнатыва і супрацьвага Еўрасаюзу. Беларусі і Казахстану Еўразійскі саюз можа спатрэбіцца па больш простай і прагматычнай прычыне — як магчымасць выпрасіць нешта у Расіі. Асабліва зацікаўлены ў гэтым Казахстан.
“Што цікавіць Казахстан, дык гэта доступ да расійскай транспартнай структуры. Казахстан не можа прадаваць нам сваю нафту без доступу да сістэмы “Транснафты”.
Нездарма кіраўнік Казахстана Назарбаеў пасля сустрэчы з Пуціным і Лукашэнкам ці то сур’ёзна, ці то жартам прапанаваў увогуле распусціць Еўразійскі саюз. Маўляў, не патрэбны ён.
Але пра ўсё гэта ў афіцыйных паведамленнях з самітаў і саветаў няма ні слова. У парадку дня пазначаныя толькі абцякальныя планы па сумеснай барацьбе з карупцыяй і падрыхтоўка да святкавання 70-ай гадавіны перамогі ў Вялікай айчыннай вайне. Неяк не верыцца, што для вырашэння гэтых пытанняў у Мінск прыляцела такая колькасць самых высокіх дэлегацый.
Фота з сайта прэзідэнта Расіі.