Што вядома пра салдата, які загінуў пад Мінскам
20-гадовы шараговец Дзмітрый Удод загінуў 4 красавіка на палігоне пад Мінскам. Як паведаміла Мінабароны, вайскоўцы тэрміновай службы, якія ўваходзілі ў экіпаж БМП, парушылі меры бяспекі пры ўзбраенні баявых машын, у выніку чаго загінуў салдат.
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, салдат падчас стральбы вызірнуў з люка БМП. У прэс-службе Міністэрства абароны журналістам Еўрарадыё пацвердзілі, што ў салдата трапілі з кулямёта.
Па нашай інфармацыі, гэта адбылося падчас падрыхтоўкі да спаборніцтваў па танкавым біятлоне. У прэс-службе Мінабароны гэтую інфармацыю не пацвердзілі, але і не абверглі.
У каментары nn.by маці хлопца Наталля Удод заявіла, што сваякам загінулага салдата пакуль яшчэ нічога не сказалі.
Сам Дзмітрый Удод родам з Калінкавічаў. Ён скончыў прафесійна-тэхнічную вучэльню ў Мазыры па спецыяльнасці тынкоўшчык-маляр. Маці кажа, што сын паспеў папрацаваць у калгасе, на мясакамбінаце, некалькі разоў нават ездзіў у Расію "падшабашыць". У войска хлопца прызвалі ў траўні 2017 года. Пяць месяцаў ён правёў у "вучэбцы" ў Печах, потым перавялі ва Уручча. "Служыў у танкавых войсках, а праз паўгода пасля Дзімы ў войска забралі яго малодшага брата. Таксама ў танкавыя войскі, сёння той служыць у Печах", — распавяла Наталля Удод.
У сям’і шасцёра дзяцей, двое яшчэ непаўналетнія. Маці працуе качагарам у калгасе "Залатая дуброва" пад Калінкавічамі. Бацька — трактарыст.