Штогод Беларусі давядзецца захоўваць больш за 200 тон радыёактыўных адкідаў

Пры гэтым у праекце Астравецкай АЭС няма могільніка для радыёактыўных адкідаў. Еўрарадыё даведалася, што будаваць яго будуць, але дзе — яшчэ не вырашана. Абраць могуць любое месца ў краіне. Могільнік для захавання радыёактыўных адкідаў Астравецкай АЭС будуць будаваць у любым выпадку. Нягледзячы на тое, што яго пакуль няма ў генплане будаўніцтва. І ніхто не ведае, дзе ён у выніку апынецца. У Дэпартаменце па ядзернай энергетыцы Еўрарадыё пацвердзілі, што магільнікі для радыёактыўных адкідаў будавацца будуць. Але дзе — пакуль не вызначана.

Дэпартамент па ядзернай энергетыцы:
“На атамнай станцыі прадугледжваюцца сістэмы для апрацоўкі і захоўвання радыёактыўных адкідаў — гэта эксплуатацыйныя адкіды. Найчасцей іх будуюць на тэрыторыі самой станцыі. Але сёння ў нас ёсць адкіды чарнобыльскага ўтварэння, ёсць адкіды бытавыя і гэтак далей. З імі нешта трэба рабіць. І таму, магчыма, частка адкідаў станцыі будзе захоўвацца на агульнарэспубліканскіх магільніках. Гэта не абавязкова можа быць на станцыі: могуць быць абраныя іншыя месцы ў краіне”.

Нагадаем, што падчас прэс-канферэнцыі ў Мінску 21 верасня расійскі фізік-атамшчык, прадстаўнік міжнароднай экалагічнай групы “Экозащита” Андрэй Ажароўскі заявіў, што напіша заяву ў Генпракуратуру Расіі з патрабаваннем разабрацца з беларускімі праектоўшчыкамі Астравецкай АЭС. Нагодай для абурэння стала заява начальніка спецінспекцыі дзяржаўнай экалагічнай экспертызы праектаў Міністэрства аховы прыроды і навакольнага асяроддзя Аляксандра Андрэева пра тое, што адпрацаванае ядзернае паліва Астравецкай АЭС будзе накіроўвацца на перапрацоўку ў Расію. Дзе і застанецца пасля гэтай перапрацоўкі.

На сустрэчы ў Мінску расійскі эксперт абяцаў, што заява ў пракуратуру будзе накіраваная ўжо 23 верасня. Але, прызнаўся ён, юрысты параілі яму не спяшацца. І ён вырашыў пачакаць сустрэчы незалежных экспертаў з чыноўнікамі на грамадскіх слуханнях, якая павінна адбыцца 9 кастрычніка ў Астраўцы.

Андрэй Ажароўскі:
“Калі там у афіцыйным парадку распрацоўшчыкі АЭС пацвердзяць, што яны збіраюцца без вяртання назад накіроўваць у Расію адпрацаванае ядзерная паліва і іншыя радыёактыўныя адкіды, гэта будзе больш сур’ёзнай падставай для звароту ў пракуратуру. Я ад сваёй ідэі не адмовіўся. Але трэба рабіць так, каб у пракуратуры не было магчымасці даць адпіску альбо спаслацца на недакладную крыніцу інфармацыі”.

Сваёй пазіцыі Андрэй Ажароўскі не змяніў: на яго думку, калі перапрацаванае ядзернае паліва беларусы мяркуюць пакідаць у Расіі, то гэта пярэчыць расійскаму заканадаўству.

Андрэй Ажароўскі: “Вось 48-ы артыкул закона Расіі “Аб ахове навакольнага асяроддзя”. Там прапісана, што адпрацаванае ядзернае паліва з замежных ядзерных рэактараў вяртаецца ў краіну паходжання ядзерных матэрыялаў. Такім чынам, адпрацаванае паліва можа быць прывезена ў Расію, а можа быць перапрацавана. На кожную тону ядзерных адкідаў штогод атрымаецца 200 тон перапрацаваных ядзерных адкідаў, якія мусяць быць вернуты ў краіну паходжання гэтых ядзерных адкідаў”.

Такім чынам атрымліваецца, што канчаткова Беларусь такіх радыёактыўных матэрыялаў, як адпрацаванае ядзернае паліва, не пазбаўляецца. Яго перапрацуюць і зноў вернуць нам. На гэтым настойваюць незалежныя эксперты Расіі і гэты факт адмаўляюць беларускія чыноўнікі. Папрасіць пракуратуру праверыць, ці прадугледжваецца “ядзерным” пагадненнем паміж нашымі краінамі вяртанне ў Беларусь перапрацаваных матэрыялаў, і хоча Андрэй Ажароўскі .

Андрэй Ажароўскі: “Мы не можам забараніць увозіць, але ў тым кантракце паміж Беларуссю і Расіяй павінна быць прапісана, і я хачу, каб пракуратура яго праверыла на гэты конт, што адкіды перапрацоўкі беларускага адпрацаванага ядзернага паліва будуць вяртацца на тэрыторыю Беларусі”.

Такім чынам атрымліваецца, што праектам будаўніцтва беларускай АЭС аўтаматычна прадугледжваецца і будаўніцтва магільнікаў для радыёактыўных адкідаў. Нават калі адпрацаванае ядзернае паліва і будзе заставацца ў Расіі, кажа кандыдат тэхнічных навук, былы адказны сакратар камісіі Вярхоўнага Савета СССР “Па разглядзе прычын аварыі на Чарнобыльскай АЭС і ацэнцы дзейнасці службовых асоб у пасляаварыйны перыяд” Юрый Варонежцаў.

Юрый Варонежцаў:
“Выпрацоўваецца шмат радыёактыўных адкідаў, так званыя "змыўкі". Гэта вада, якая знаходзіцца ў першым контуры. Часткова яна рэгенеруецца, потым выпарваецца і ствараюцца цвёрдыя радыёактыўныя адкіды. Гэтыя адкіды ніхто ні па якой дамове не забірае. Яшчэ ёсць вадкія адкіды, якія застаюцца пасля апрацоўкі розных тэхналагічных вузлоў — яны таксама застаюцца ў нас. Такім чынам, любая атамная станцыя, незалежна ад наяўнасці дамовы з краінай, якая пастаўляла паліва, прадугледжвае будаўніцтва магільнікаў для адкідаў”.

Сённяшні праект АЭС, кажа ён, будаўніцтва такіх магільнікаў не прадугледжвае. І гэта наводзіць эксперта на думку, што беларусы ўвогуле не збіраюцца будаваць АЭС.

Юрый Варонежцаў: “Я чытаў усе дакументы і ў мяне такое ўражанне, што аб адкідах ніхто не клапоціцца на дадзеным этапе. Увогуле, складваецца ўражанне, што яны не збіраюцца станцыю будаваць. Бо праблема адкідаў не аддзельная ад праблемы АЭС. І не размаўляць пра гэта — гэта неяк дзіўна выглядае, але, тым не менш, гэта так”.

Гэты аптымістычны погляд не падзяляе яго расійскі калега. На яго думку, праектоўшчыкі нічога не кажуць пра будаўніцтва магільнікаў таму, што гэта ім не выгадна.

Андрэй Ажароўскі:
“Зараз уладам не выгадна абмяркоўваць пытанне магільніка разам з пытаннем станцыі. Таму яны штучна адфільтроўваюць непазбежную частку працы любой станцыі — захоўванне адкідаў. І кажуць, што пра гэта мы будзем размаўляць пазней. Але магільнікі, хутчэй за ўсё, будуць там жа, дзе і сама станцыя. А што яны там будуць складаць — свае адкіды, адкіды, прывезеныя з Расіі ці яшчэ адкуль — відаць, гэта прадмет перамоў, якія зараз вядуцца паміж Расіяй і Беларуссю”.

Такім чынам,  магільнік для адкідаў АЭС можа апынуцца дзе заўгодна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі