Штрафныя балы для парушальнікаў ПДР могуць увесці ўжо ўвесну 2019-га
Сістэму штрафных балаў для барацьбы са злоснымі парушальнікамі правілаў дарожнага руху могуць увесці ў Беларусі ўжо гэтай вясной. Пра гэта агенцтву БЕЛТА паведаміў міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч.
Ініцыятыву са штрафнымі баламі МУС агучыў напрыканцы лютага. Прапаноўвалася такім чынам рэагаваць на наўмысныя і неаднаразовыя парушэнні ПДР з боку кіроўцаў. Паводле задумы, за пэўныя віды правапарушэнняў будуць налічвацца штрафныя балы. Калі ў кіроўцы іх набярэцца пэўная колькасць, яго будуць пазбаўляць правоў на пэўны час.
Па словах Шуневіча, яго ведамства завяршыла працу над праектам і накіравала на ўзгадненне. "Наколькі я ведаю, усе дзяржорганы разгледзелі праект і выказалі прынцыповую згоду з ім. Застаецца заканадаўча прыняць нарматыўны дакумент. Спадзяюся, гэта адбудзецца ўвесну", — дадаў ён.