Шумчанка: Калі вырашым праблему праз рабочую групу, мітынг непатрэбны

Шумчанка: Калі вырашым праблему праз рабочую групу, мітынг непатрэбны

8 лютага на пасяджэнні ў Мінэканомікі рабочай групы па пытаннях дзейнасці прадпрымальнікаў была дасягнутая дамоўленасць пра абмеркаванне з індывідуальнымі прадпрымальнікамі ўказа кіраўніка дзяржавы № 222 (паводле яго, усе тавары мусяць мець сертыфікаты). Сустрэча прадстаўнікоў ІП з чыноўнікамі пройдзе 11 лютага. Цікава, што раней чыноўнікі не пагаджаліся абмяркоўваць гэты ўказ. Магчыма, на іх рашэнне паўплывала заяўка прадпрымальнікаў на правядзенне 15 лютага ў Мінску масавай вулічнай акцыі.

Калі вынік сустрэчы 11 лютага будзе пазітыўны, у вулічнай акцыі не будзе патрэбы. Пра гэта Еўрарадыё заявіў удзельнік сённяшняй сустрэчы ў Мінэканомікі, кіраўнік Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Перспектыва" Анатоль Шумчанка:

"Асноўная задача — вырашыць праблемнае пытанне. Калі мы яго вырашым без правядзення мітынгу, шляхам рабочай групы, то, канешне, патрэба [у вулічнай акцыі] адпадае".

Нагадаем, рабочая група па пытаннях дзейнасці індывідуальных прадпрымальнікаў была нядаўна створаная ў Міністэрстве эканомікі Беларусі пры грамадска-кансультацыйным (экспертным) савеце па развіцці прадпрымальніцтва. Яе ачолілі намеснік міністра эканомікі Ірына Касцевіч і намеснік міністра гандлю Ірына Наркевіч. У склад рабочай групы ўвайшлі кіраўнік Дэпартамента па прадпрымальніцтве, кіраўнікі і прадстаўнікі прадпрымальніцкіх арганізацый (у тым ліку і "Перспектывы"), прафсаюза "Садружнасць", дэлегаты ад саветаў ІП рынкаў і гандлёвых цэнтраў з усёй краіны. Сённяшняе пасяджэнне было прысвечана пытанням выканання патрабаванняў па сертыфікацыі прадукцыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі