Шумчанка: На форуме ў Мінску прысутнічалі 1200 прадпрымальнікаў

У Мінску 16 лютага прайшоў форум прадпрымальнікаў, які арганізавала рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Перспектыва”. На яго прыйшлі не толькі прадпрымальнікі з Мінска, але прыехалі іх калегі з Гомеля, Гродна, Магілёва, Барысава, Брэста, Пінска. У канферэнц-зале гатэля "Беларусь" сабраліся каля 1200 чалавек — многія прадпрымальнікі не змясціліся ў зале, дзе праходзіў форум, яны слухалі прамовы ў калідоры. На мерапрыемстве былі прадстаўнікі Мінэканомікі, Міністэрства па падатках і зборах, а таксама Брэсцкага, Гродненскага і Віцебскага аблвыканкамаў.

Усе гэтыя прадпрымальнікі хацелі пачуць, як ім працаваць з 1 сакавіка 2015 года. Ад гэтай даты, згодна з указам кіраўніка краіны № 222 "Аб небяспечнасці прадукцыі лёгкай прамысловасці", ІП не могуць рэалізоўваць тавар без адмысловых дакументаў — сертыфікатаў ці дэкларацый якасці. На форуме сітуацыя была вельмі нервовай — у зале пастаянна гучалі пытанні да прысутных чыноўнікаў, заклікі да таго, каб выйсці на плошчу і пытанні, як жыць далей прадпрымальнікам?

Лідар "Перспектывы" Анатоль Шумчанка лічыць, што форум прайшоў вельмі ўдала: “Такога не было 5 гадоў”.

“Сёння прыйшоў час несці адказнасць чыноўнікам, якія далі Лукашэнку на подпіс указ № 222, — гаворыць Шумчанка. — А таксама мне хацелася б ведаць прозвішча чыноўніка, які пераканаў усіх не працягваць рэалізацыю лішкаў (да 1 сакавіка 2015 года прадрымальнікам можна рэалізоўваць лішкі тавараў без дакументаў і гэты тэрмін улады збіраліся працягнуць, але перадумалі — заўвага Еўрарадыё). Па нашай інфармацыі ўсе чыноўнікі — з Мінгаддлю, аблвыканкамаў — падтрымлівалі ідэю таго, каб працягнуць рэалізацыю лішкаў і пасля 1 сакавіка 2015 года, але нехта пераканаў. Зараз трэба дачакацца моманту, калі стане вядома, хто меў рацыю. Мы клікаць нікога нікуды не будзем, няхай нас рассудзіць час. Ніхто нікога не падбухторвае, мы тут выказвалі свае меркаванні. Мы адзінае, што просім неадкладных перамоваў з удзелам прадрымальнікаў і ўладаў”.

Па выніках форума была прынята рэзалюцыя. Прадпрымальнікі патрабуюць ад уладаў увядзення мараторыя на дзеянне ўказа № 222, увядзенне магчымасці рэалізоўваць лішкі прадукцыі безтэрмінова. Таксама прадпрымальнікі просяць спыніць праверкі і канфіскацыі тавару, арганізацыю сустрэчы з кіраўніком краіны Аляксандрам Лукашэнкам і правесці Першы агульнанацыянальны з’езд прадпрымльнікаў.

Па інфармацыі Еўрарадыё, 1 сакавіка прадпрымальнікі з рэгіёнаў не збіраюцца выходзіць на працу, плаціць арэнду і падаткі.

У Маладзечне прадпрымальніца лягла пад колы міліцэйскага аўто (відэа)

Прадпрымальнікі з Полацка збіраюцца не плаціць арэнду і падаткі

Прадпрымальнікі заяўляюць пра пагрозу масавага сыходу з гандлю

Лукашэнка: Прадпрымальнікі просяць спыніць усялякія падатковыя рэформы

Фота: БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі