Шуневіч: Удзельнікі вайны на Данбасе могуць пранікнуць праз расійскую мяжу

Шуневіч: Удзельнікі вайны на Данбасе могуць пранікнуць праз расійскую мяжу

Выявіць беларусаў, якія ваявалі ва Украіне і вяртаюцца ў Беларусь праз расійска-беларускую мяжу, практычна немагчыма. Найперш таму, што ніякага памежнага кантролю на гэтым кірунку няма. Пра гэта Еўрарадыё завяіў міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч.

Ігар Шуневіч: “З тэрыторыі Расіі цалкам могуць да нас пранікаць гэтыя асобы. І пытанне толькі ў аператыўным выяўленні іх тут, ідэнтыфікацыі і зборы матэрыялаў. Мы гэтым таксама займаемся. Хаця ёсць цяжкасці, бо ўліку памежнага няма, і мы не можам ажыццявіць поўны кантроль за ўсімі, хто сюды прыбывае. Ёсць такі інструмент, як з дапамогай сістэмы набыцця квіткоў. Але ж ёсць дарогі, машыны легкавыя і тут”.

Міністр прызнаецца: калі такі чалавек трапіў у нашу краіну і ніяк сябе і свой удзел у баявых дзеяннях сам не выдае, то выявіць яго практычна немагчыма.

Ігар Шуневіч: “Як такіх людзей выявіць? Вы задаяце правільнае пытанне, але адказу на яго вы не атрымаеце. Бо тут рэч такая сітуатыўная шмат у чым. Калі ў нас няма інфармацыі, то відавочна, што мы не рэагуем. Я не адкажу вам на пытанне “Як яго выявіць?”, я не ведаю, як яго вылічваць. Універсальнага механізму няма. Ёсць аператыўныя сродкі і метады, якія мы выкарыстоўваем, але гарантаваць, што 100% гэтых людзей мы зможам выявіць, я вам не магу. Мы стараемся гэта рабіць, мы імкнемся ахаваць нашых грамадзян, нашу дзяржаву ад любых пагроз, у тым ліку і ад гэтых асобаў, што ваявалі. Калі яны ёсць, гэтыя пагрозы. Але вы самі разумееце, што 100% гарантыю ніхто вам не дасць”.

Па словах Шуневіч, каб выяўляць такіх грамадзян, беларускія праваахоўнікі карыстаюцца інфармацыяй Еўрапола і Інтэрпола, калегаў з Украіны, “іншымі крыніцамі інфармацыі”. Праўда, па словах міністра, магчымасць атрымліваць інфармацыю з рэгіёнаў, занятых баевікамі так званых ДНР/ЛНР, “безумоўна ўскладненая”. І таму міліцыянеры разлічваюць на пільнасць беларусаў.

Нагадаю, днямі Ігар Шуневіч паведаміў, што ў Следчы камітэт былі перададзеныя сабраныя матэрыялы па 12 беларускіх грамадзянах, якія бралі ўдзел у баявых дзеяннях на Данбасе. Па словах міністра, следчыя павінныя вызначыць, ці ёсць у сабраных матэрыялах падставы для таго, каб распачаць крымінальную справу па артыкуле “Наёмніцтва”.

Фота: youtube.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі