Швед расказаў, колькі беларусаў звярнулася ў "камісію па вяртанні"

Пасяджэнне "камісіі па вяртанні"

Пасяджэнне "камісіі па вяртанні" / @prokuraturabelarus

"Камісія па вяртанні" разгледзела з пачатку сваёй працы больш за 150 зваротаў, "у выніку чаго некаторыя грамадзяне ўжо вярнуліся дадому", заявіў генеральны пракурор краіны Андрэй Швед на пасяджэнні ў Палаце прадстаўнікоў. Дакладную лічбу тых, хто вярнуўся, ён так і не назваў ("каля дзесяці чалавек").

Нагадаем, пасля здушэння пратэстаў 2020 года і з пачаткам рэпрэсій з краіны выехалі сотні тысяч беларусаў. У пачатку 2023 года распараджэннем Лукашэнкі была створаная "камісія па разглядзе зваротаў грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія знаходзяцца за мяжой, па пытаннях здзяйснення імі правапарушэнняў". У яе склад увайшлі Швед, сілавікі і найбольш адыёзныя прапагандысты, якія заклікаюць з экранаў тэлевізараў і старонак газет знішчаць апанентаў. Дадамо, што вядомыя выпадкі, калі людзі ішлі на кантакт з камісіяй, але ў выніку аказваліся ў судзе і атрымлівалі турэмныя тэрміны.

Падчас выступу ў Палаце прадстаўнікоў Швед таксама заявіў, што "агулам у краіне забяспечаная стабільная абстаноўка". Паводле яго слоў, колькасць злачынстваў у параўнанні з 2022 годам скарацілася на 3,6%. А колькасць так званых "злачынстваў экстрэмісцкай скіраванасці" наогул знізілася ў два разы. Праз суды па гэтых справах прайшлі 1,5 тысяч чалавек. "Апраўдальныя прысуды судом не пастанаўляліся", — падкрэсліў Швед. Адзначым, што ў пачатку гэтага рэпрэсіі зноў узмацніліся — сотні чалавек прайшлі праз ператрусы і допыты ў сувязі з атрыманнем дапамогі, прадуктаў з "Еўраопта". Родных палітвязняў судзілі па артыкуле "Выкарыстанне замежнай бязвыплатнай дапамогі для ажыццяўлення тэрарыстычнай і іншай экстрэмісцкай дзейнасці або іншых дзеянняў, забароненых заканадаўствам" (ч. 2 арт. 24. 15 КаАП РБ).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі