Лукашэнка даручыў падоўжыць працу "камісіі па вяртанні" — BELPOL
Пасяджэнне камісіі па вяртанні
Аляксандр Лукашэнка даручыў падоўжыць да канца 2024 года працу так званай "камісіі па разглядзе зваротаў грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія знаходзяцца за мяжой, па пытаннях здзяйснення імі правапарушэнняў". Даручэнне пад грыфам "ДСК" (для службовага карыстання) Лукашэнка накіраваў у пачатку года. Пра гэта стала вядома BELPOL. Пазней гэта пацвердзіў генпракурор Андрэй Швед. Паводле яго слоў, за час працы камісіі нібыта было атрымана 150 заяў ад беларусаў.
Адказным за рэалізацыю прызначаны намеснік генеральнага пракурора Аляксей Стук. На думку рэжыму, праца камісіі мела "станоўчы эфект", таму мэтазгодна падоўжыць яе дзейнасці. Акрамя таго, прадстаўнікі рэжыму лічаць важнымі "чыстасардэчныя раскаянні" ў інтэрв'ю тых, хто ўжо звярнуўся ў "камісію", а таксама іх аповеды пра нібыта "рэальнае становішча спраў" за мяжой і стаўленне да беларусаў.
У BELPOL нагадваюць, што "зварот у так званую "камісію па вяртанні" — гэта элемент прапаганды і ўвядзенне ў зман людзей".
Нагадаем таксама пра выпадкі, калі людзі звярталіся ў "Камісію па вяртанні", але ў выніку траплялі ў калоніі. Нагадаем, па дадзеных кіраўніка дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксея Бегуна, у 2021-2022 годзе з краіны з'ехала больш за 200 тысяч чалавек. А па версіі іншага прадстаўніка МУС камандуючага ўнутранымі войскамі Мікалая Карпянкова, пакінулі Беларусь яшчэ больш грамадзян — 350 тысяч чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.