Сіноптыкі абяцаюць сакавіцкае надвор’е ў апошнія дні студзеня
У апошнія дні студзеня сіноптыкі абяцаюць сакавіцкае надвор’е. Як паведаміў у сваім Фэйсбуку начальнік службы метэаралагічных прагнозаў Белгідрамета Дзмітрый Рабаў, сярэдняя тэмпература паветра будзе на 8-10 градусаў вышэй за норму.
У чацвер у многіх раёнах пройдуць ападкі, у асноўным у выглядзе дажджу, на ноч абвешчанае штармавое папярэджанне ў сувязі з узмацненнем ветру з парывамі да 15-20 метраў за секунду. Тэмпература ўначы будзе –1 +4 градусы, удзень +1 +6, па захадзе да +8. У Мінску будзе хмарна, часам ападкі ў выглядзе дажджу, на асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер паўднёва-заходні, заходні 6-11 метраў за секунду, уначы парывы да 14 метраў за секунду, удзень да 15-18. Тэмпература ўначы 0 +2, удзень +3 +5.
У пятніцу месцамі кароткачасовыя ападкі (дождж і мокры снег). Уначы і раніцай у многіх раёнах узмацненне ветру парывамі да 15-22 метраў за секунду, на асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература ўначы –3 +3, удзень 0 +5.
Цёплае, але вільготнае і ветранае надвор’е захаваецца таксама на выходных. У суботу месцамі таксама будзе туман.