Сіноптыкі выдалі штармавое папярэджанне на пятніцу і суботу

Замаразкі, ілюстрацыйнае фота

Замаразкі, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

У пятніцу, 24 красавіка, у Беларусі чакаецца воблачнае з праясненнямі надвор'е, паведамляе Белгідрамет.

Будзе пераважна без ападкаў. Вецер прагназуецца паўночна-заходні парывісты, удзень месцамі — моцны парывісты.

Уначы на большай частцы тэрыторыі чакаюцца замаразкі 0...-3 градусы. У сувязі з гэтым сіноптыкі абвясцілі штармавое папярэджанне. Па паўднёвым захадзе краіны ў многіх раёнах мінімальная тэмпература паветра ўначы складзе 1-5 градусаў цяпла. Удзень прагназуецца +8...+14 градусаў.

У суботу, 25 красавіка, у Беларусі захаваецца воблачнае з праясненнямі надвор'е. Уначы будзе пераважна без ападкаў, а ўдзень на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Вецер будзе заходняй чвэрці парывісты, удзень пераважна па захадзе Беларусі — моцны парывісты.

Уначы тэмпература паветра складзе 1-6 градусаў вышэй за нуль, па Віцебскай вобласці чакаецца 0...-3 градусы. Таму сіноптыкі таксама абвясцілі штармавое папярэджанне. Удзень тэрмометры пакажуць ад +10 градусаў па поўначы да +18 градусаў па паўднёвым захадзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.