Следчы камітэт: лодачнік, які патапіў людзей на возеры Белым, быў п'яны
Супраць яго распачатая крымінальная справа.
14 ліпеня на возеры Белым дзесяць чалавек каталіся на маторнай лодцы, што належыла жыхару Жыткавічаў 1973 года нараджэння. Дзевяць з іх знаходзіліся на борце, а яшчэ адзін — на надзіманым балоне для катання.
Кіроўца лодкі заклаў круты паварот і не справіўся з упраўленнем. Судна перакулілася і патанула. У выніку пяцёра яго пасажыраў не змаглі выбрацца з вады: трое хлопчыкаў (чатырох, пяці і сямі гадоў), маці старэйшага з іх, 1981 года нараджэння (усе жыхары Салігорска), і жыхарка Жыткавічаў, 1983 года нараджэння.
Следчыя выявілі шэраг парушэнняў з боку кіроўцы лодкі. Яна не была зарэгістравана, у яе канструкцыю былі ўнесеныя змены, у судне перавозілася звышдапушчальная колькасць людзей, усе пасажыры былі без выратавальных камізэлек, паведамляе БелаПАН. Да таго ж, па інфармацыі Следчага камітэта, уладальнік лодкі быў нападпітку…
Жыткавіцкі раённы аддзел Следчага камітэта распачаў супраць яго справу па частцы 2 артыкула 316 Крымінальнага кодэкса — парушэнне правіл бяспекі руху і эксплуатацыі маламерных судоў асобай, якая кіруе суднам, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека. Падазраваны знаходзіцца ў ізалятары.