Следчы камітэт раскрыў групу наркагандляроў, у якой быў 41 чалавек
Следчы камітэт завяршыў расследаванне маштабнай крымінальнай справы пра дастаўку ў Беларусь наркатычных сродкаў і іх распаўсюд, паведамляе прэс-служба ведамства.
Падчас расследавання выявілася, што незаконнай пастаўкай наркатычнай сумесі магла займацца злачынная арганізацыя. Паведамляецца, што яна дзейнічала са студзеня 2015 года па травень 2018-га. У арганізацыю ўваходзілі некалькі злачынных груп, дзе кожны з удзельнікаў меў сваю ролю. Агульнае кіраўніцтва, размеркаванне абавязкаў ўнутры асноўнай арганізацыі, цэнаўтварэнне і кантроль над даходамі трымаў у сваіх руках 48-гадовы мужчына. Астатнія ўдзельнікі залучалі ў злачынную дзейнасць новых асоб, стваралі дробныя групы, навучалі новых чальцоў прыёмам канспірацыі, а таксама кантралявалі іх дзейнасць.
Сыравіну для наркотыкаў атрымлівалі з Украіны і Расіі на заканспіраваныя склады ў Беларусі. Іх прывозілі пад выглядам харчовых дабавак па падробленых дакументах, а праз пэўны час дзеля бяспекі сталі перамяшчаць сумесь ляснымі сцежкамі.
Ад ліпеня 2017 года па чэрвень 2018-га праваахоўнікі затрымалі 41 чалавека ва ўзросце ад 20 да 55 гадоў. Было выяўлена 54 эпізоды незаконнага захоўвання, перавозкі і збыту сумесі насення маку агульнай масай больш за 14 тон. На маёмасць абвінавачаных на агульную суму больш за 159 тысяч рублёў накладзены арышт.
Падчас расследавання крымінальнай справы следчыя дапыталі абвінавачаных і сведак — агулам больш за 200 чалавек.
Сямнаццаці ўдзельнікам гэтай арганізацыі выставілі абвінавачанні ў стварэнні злачыннай арганізацыі альбо ўдзеле ў ёй, незаконным абароце наркатычных сродкаў, здзейсненым арганізаванай групай, незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, спалучанай з атрыманнем даходу ў асабліва буйным памеры.
Чатыром з іх выставілі таксама абвінавачванні ў незаконным перамяшчэнні наркотыкаў праз дзяржаўную мяжу, здзейсненае арганізаванай групай. Таксама аднаму выставілі абвінавачанне ў незаконным перасячэнні дзяржаўнай мяжы.
Усе фігуранты ўзятыя пад варту. Крымінальная справа перададзеная пракурору для накіравання ў суд.
Расследаванне ў дачыненні да астатніх удзельнікаў злачыннай арганізацыі і арганізаваных злачынных груп працягваецца.