Следчыя адмаўляюцца даць удаве Тарайкоўскага інфармацыю пра гібель мужа

Следчыя адмаўляюцца даць удаве Тарайкоўскага інфармацыю пра гібель мужа

Алена Герман, удава забітага Аляксандра Тарайкоўскага, атрымала са Следчага камітэт адказ на сваю чарговую скаргу. Дакумент падпісаў выканаўца абавязкаў начальніка Галоўнага ўпраўлення працэсуальнага кантролю Следчага камітэта Віталь Мірашнічэнка.

Мінчанка прасіла даць ёй копію пастановы аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце гібелі мужа, правесці службовую праверку службовых асоб Следчага камітэта, а таксама вярнуць родным рэчы, у якіх Тарайкоўскі знаходзіўся ў момант сваёй гібелі.

У дакуменце гаворыцца, што наконт атрымання копіі і правядзення службовай праверкі ёй быў дадзены адказ і няма падставаў для яго змены. Вопратку і абутак забітага Тарайкоўскага вырашана захоўваць пры матэрыялах праверкі.

Пры паўторных зваротах Алены Герман без нейкіх новых абставінах яе лісты могуць быць пакінутыя без адказу, гаворыцца ў дакуменце.

У гутарцы з "Беларускім партызанам" Алена Герман канстатавала, што следчыя не хочуць даваць ёй ніякай інфармацыі пра забойства мужа. Адказ Мірашнічэнкі яна каментуе так: "Ён спасылаецца на тое, што ў раней дадзеных мне адказах яго падначаленыя супрацоўнікі матывавана адказалі на ўсе мае пытанні, у тым ліку і правядзення службовай праверкі ў дачыненні да следчага Ганчарука і яго начальніка Матолькі. Я не прашу іх раскрываць таямніцу следства, але любы следчы скажа, што я маю рацыю, калі патрабую азнаёміць мяне з пастановай аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Тым больш, я спасылаюся на канкрэтны артыкул закона, а мне адказваюць, што не належыць, пры гэтым не спасылаюцца на закон".

Таксама мінчанка не разумее, чаму рэчы Тарайкоўскага застаюцца пры матэрыялах праверкі, калі следчыя не збіраюцца пачынаць крымінальную справу. "Зразумела, што яны баяцца, што я даведаюся прозвішча супрацоўніка міліцыі, які страляў у майго мужа. Але ж я маю права, як пацярпелая, ведаць гэтую інфармацыю паводле закону!" — абураецца Алена Герман

Аляксандр Тарайкоўскі стаў першым забітым падчас пратэстаў 10 жніўня 2020 года. Спярша міліцыянты заявілі, быццам у яго ў руках узарвалася выбуховае прыстасаванне. Аднак відэаролікі з месца здарэння абверглі гэтыя словы: на іх бачна, што мужчына з пустымі паднятымі рукамі стаяў насупраць шэрагу сілавікоў. Крымінальная справа па яго забойстве так і не была пачатая.

Следчыя адмаўляюцца даць удаве Тарайкоўскага інфармацыю пра гібель мужа
Адказ са Следчага камітэта / belaruspartisan.by

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі