СМІ: Аднаго з кадэтаў у саколках з “Пагоняй” адлічылі з вучэльні
Аднаго з кадэтаў Ястрамбельскай вучэльні, які зняўся ў саколцы з “Пагоняй”, адлічылі. Гэта для яго скончылася патрыятычная фотасесія, якая напярэдадні зрабіла фурор у сацыяльных сетках. Хлопец сфатаграфаваўся разам з трыма сваімі сябрамі і даслаў фота ў суполку ВКонтакте “Мая краіна Беларусь”.
Здымак разляцеўся па сацыяльных сетках і трапіў у СМІ.
Як паведамляе “Салідарнасць”, хлопец ужо адлічаны, астатніх рыхтуюцца адлічыць. Але пры гэтым кадэт распавёў, што аднакласнікі “стаяць за іх да апошняга”.
Свой учынак падлетак патлумачыў тым, што для яго “Пагоня” — гэта айчынная гісторыя і трэба любіць сваю гісторыю і герб.
Праверыць інфармацыю пра адлічэнне навучэнцаў у адміністрацыі навучальнай установы пакуль не атрымалася: тэлефоны дырэктара і яго намеснікаў не адказваюць.
Тым часам міністр унутраных справаў Беларусі Ігар Шуневіч заявіў карэспандэнту Еўрарадыё, што ў нашай краіне не існуе ніякай адказнасці за выкарыстанне нацыянальнай сімволікі.
Фота: ВКонтакте