СМІ: Пуцін пачаў чысткі ў ФСБ

Уладзімір Пуцін / Інтэрфакс
Уладзімір Пуцін / Інтэрфакс

Уладзімір Пуцін пачаў рэпрэсіі супраць свайго любімага ведамства — ФСБ, піша "Медуза". Кіраўніцтва 5-й службы, якая адказвала за данясенне да прэзідэнта Расіі палітычнай сітуацыі ва Украіне напярэдадні вайны, адпраўлена пад хатні арышт.

"Падобна, праз два тыдні вайны да Пуціна нарэшце дайшло, што яго папросту ўвялі ў зман: 5-я служба, баючыся раззлаваць кіраўніка, проста забяспечвала яго тым, што ён сам хацеў пачуць", — распавялі "Медузе" журналісты Андрэй Салдатаў і Ірына Бараган, якія шмат гадоў вывучаюць ФСБ і маюць шырокую сетку крыніц.

Пад хатнім арыштам апынуўся генерал Сяргей Бяседа — кіраўнік Дэпартамента аператыўнай інфармацыі (выведка ФСБ) і яго намеснік.

"Сярод прычын называюць нямэтавае выкарыстанне сродкаў, выдзеленых на аперацыі, а таксама кепскую разведвальную інфармацыю. І сапраўды: выведка ў кадравага разведчыка Пуціна, як аказалася, пастаўлена вельмі дрэнна", — гавораць журналісты.

Чуткі аб тым, што Пуціну дакладваюць непраўдзівую інфармацыю аб ходзе "ваеннай спецаперацыі ва Украіне", пачалі з'яўляцца ў першы тыдзень вайны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі