СМІ: Украінскіх палонных маракоў вывезлі з маскоўскага СІЗА ў аэрапорт

СМІ: Украінскіх палонных маракоў вывезлі з маскоўскага СІЗА ў аэрапорт

Украінскіх маракоў, якіх утрымлівае Расія, вывезлі з маскоўскага СІЗА “Лефортава” і даставілі ў аэрапорт. Як перадае Бі-Бі-Сі са спасылкай на расійскія СМІ, у аэрапорце “Унукава” прызямліўся самалёт з ліўрэяй у выглядзе ўкраінскага сцяга і прычаліў да ўрадавага тэрміналу. У самалёта ўключаныя рухавікі.

Да самалёта пад’ехалі два аўтобусы, аналагічныя тым, на якіх з СІЗА вывозілі палонных украінцаў. Тое, што яны пакінулі турму, пацвярджаюць іх адвакаты. Мяркуецца, што маракоў выдадуць украінскаму боку ў рамках абмену палоннымі.

У спісах на абмен пазначаныя 35 чалавек — 24 маракі, затрыманыя пасля інцыдэнту ў Керчанскім праліве, а таксама яшчэ 11 зняволеных, у тым ліку рэжысёр Алег Сянцоў. Аднак спісы могуць быць скарэктаваныя.

Кіеў у сваю чаргу планаваў выдаць Маскве галоўнага рэдактара РИА Новости Украина Кірыла Вышынскага, сведку ў справе крушэння рэйса МН17 Уладзіміра Цемаха, а таксама былых украінскіх вайскоўцаў Максіма Адзінцова і Аляксандра Баранава, асуджаных за дзяржаўную здраду і дэзертырства.

Абмен палоннымі мог адбыцца 30 жніўня. Тады шэраг СМІ апублікавалі інфармацыю, што ўкраінскія маракі і рэжысёр Алег Сянцоў вызваленыя і накіроўваюцца ў Кіеў. Аднак перамовы аб абмене сарваліся, бо Расія ў апошні момант запатрабавала вызвалення Уладзіміра Цемаха. 3 верасня суд працягнуў арышт Цемаха, аднак 5 верасня прыняў рашэнне вызваліць яго з-пад варты.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі