Сола выйграла ў Расіі гонку, але не атрымала золата і не пачула гімн РБ
Ганна Сола
Ганна Сола выйграла ў чэмпіянаце Расіі гонку пераследу, але не атрымала золата і не пачула гімн РБ. Адзінае, што дазволілі беларускай біятланістцы, — гэта падняцца на першую прыступку пастамента (з чырвона-зялёным сцягам у руках), паведамляюць расійскія спартыўныя СМІ. Яны называюць сітуацыю, якая здарылася на спаборніцтвах у Цюмені, "парадаксальнай", паколькі лідары зборнай Расіі апынуліся ззаду прадстаўніцы іншай дзяржавы — Беларусі. А арганізатары адмовіліся ўключаць гімн у гонар пераможцы.
У эфіры аднаго з тэлеканалаў Сола гаварыла, што яна шчаслівая, бо прагучыць гімн РБ. І ўжо неўзабаве была расчараваная. "Вельмі крыўдна, часам да слёз, — казала яна расійскім журналістам. — ...Хочам — дамо медалі, хочам — не. Такога не павінна быць".
Арганізатары цырымоніі спачатку ўзнагародзілі беларуску, уручылі ёй талісман спаборніцтваў. А пасля медалі, у тым ліку і залаты, атрымалі расіянкі і прагучаў гімн РФ.
Беларускі біятлон (як і расійскі) з 2022 года знаходзіцца пад санкцыямі. У выніку беларусам даводзіцца выступаць у спаборніцтвах у РФ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.