"Спадзяваўся, што ў краіне нешта зменіцца": сябар — пра Рамана Бандарэнку

Раман Бандарэнка падчас тэрміновай службы / сацсеткі

Раман Бандарэнка падчас тэрміновай службы / сацсеткі

12 лістапада 2020-га ў мінскай Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі памёр Раман Бандарэнка. 11 лістапада ўвечары ён выйшаў у двор свайго дома — на "Плошчу Перамен" — у момант, калі невядомыя "неабыякавыя грамадзяне" зразалі бел-чырвона-белыя стужачкі з агароджы. Падчас інцыдэнту невядомыя збілі Рамана і павезлі на бусе. Пазней ён быў дастаўлены ў рэанімацыю ў цяжкім стане.

Раману быў 31 год. Ён любіў маляваць і любіў сваю краіну. Еўрарадыё паразмаўляла з сябрам загінулага Вадзімам.

— Рома быў просты звычайны хлопец. Служыў у спецназе, любіў сваю краіну. Быў спагадлівым, дапамагаў усім, хто б да яго ні звярнуўся. Спадзяваўся, што ў гэтай краіне нешта зменіцца, — расказвае Вадзім.

Прапагандысты з праўладных ТГ-каналаў усімі сіламі спрабавалі ачарніць хлопца: аспрэчыць анамнез, апублікаваны медыкамі з БХМД, дзе гаворыцца, што ў крыві ў Рамана не выяўлена алкаголю. Маўляў, шрыфты ў анамнезе не тыя, подпісаў няма, усё гэта фэйк.

"Гэта хлусня. Я быў у бальніцы з першага дня, і дактары пацвердзілі тое, што ён не быў п'яны. У міліцыю ён п'яным не трапляў. У яго нават медыцынская кніжка ў паліклініцы складаецца з пары аркушаў. Нічога такога ён не ўжываў, — кажа Вадзім. — Ён вёў здаровы лад жыцця, а яго асноўным хобі было маляванне, у яго гэта нядрэнна атрымлівалася".

“Надеялся, что в стране что-то изменится”: друг — о Романе Бондаренко
Хлопец справа — Рома Бандарэнка / фота з сацсетак

А гэта відэа — творчасць Рамана, лічбавы партрэт дзяўчыны ў яго выкананні.

— Ён быў звычайным грамадзянінам, якому было не ўсё роўна. Магчыма, ён чагосьці мог не разумець у палітыцы і ў ідэалогіі, але ён разумеў, што ў краіне няма ні справядлівасці, ні законнасці. Ён кожны раз выходзіў на маршы, хоць я яго ўгаворваў, каб ён адзін нікуды не хадзіў. Рома пастаянна прыходзіў на "Плошчу Перамен", вучыў дзяцей маляваць, — працягвае Вадзім.

“Надеялся, что в стране что-то изменится”: друг — о Романе Бондаренко
Злева Рома на "Плошчы Перамен", а справа — плакат ад маленькага Ромавага вучня, які просіць Рому вярнуцца. Але Рома ўжо не вернецца.

Раман служыў у спецназе ўнутраных войскаў. І войска пакідаў без негатыву.

— Войска Рому падабалася, але пасля гэтых падзей ён стаў глядзець на рэчы па-іншаму.

Генадзь Шутаў, Аляксандр Тарайкоўскі, Аляксандр Віхор, Мікіта Крыўцоў, Канстанцін Шышмакоў — гэтыя і іншыя людзі загінулі пры нявысветленых абставінах падчас пратэстаў у Беларусі. 12 лістапада гэты спіс папоўніла прозвішча Рамана Бандарэнкі. Беларускія праваахоўнікі дагэтуль не знайшлі вінаватых у гібелі гэтых людзей. Не заведзена ніводнай крымінальнай справы па заявах ад беларусаў, якія пацярпелі ад гвалту сілавікоў падчас мірных дэманстрацый.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі